Субота, 22 Чэрвень 2019

Суд аштрафаваў віцебчука на 765 рублёў “за арганізацыю выставы невядомага мастака”

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Жыхар Віцебску Дзяніс. якога суд пакараў за выставу Жыхар Віцебску Дзяніс. якога суд пакараў за выставу

Віцяблянін Дзяніс (прозьвішча папрасіў не называць) правёў 6 траўня ў прыватным памяшканьні мастацкую выставу. А празь  месяц суд Першамайскага раёну Віцебску аштрафаваў яго як арганізатара несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (ч.2 арт. 23.34) на 30 базавых велічынь.

Імпрэза праходзіла на тэрыторыі былой віцебскай фабрыкі “КІМ”, якая даўно збанкрутавала, а яе памяшканьні выкупленыя прыватнікамі. У адным зь іх і была зладжаная выстава “Катарсыс”. На ёй экспанавалася 25 працаў маладога мастака зь Берасьця Dima Wesko. Гучала музыка. Уваход на вечарыну ў стылі “постіндустрыяльнага аўдыё-візуальнага авангарду” быў вольны (па запісе ў інтэрнэце).

Але ў нейкі момант “аўдыёвізуальны авангард” раптам ператварыўся ў беларускі “сюр” - з супрацоўнікамі МУС на пярэднім пляне.  

На выставе. Фота: "Тыповы Віцебск"

Дзяніс расказвае, што каля 23.00 у памяшканьне зайшлі міліцыянты і запыталіся, ці ёсьць дазвол на правядзеньне мерапрыемства.

“Мы ў адказ: на што дазвол? На тое, што мы тут проста адпачываем?..” – распавядае Дзяніс. Ён сьцьвярджае, што імпрэза сапраўды праходзіла на прыватнай тэрыторыі і што з гаспадаром памяшканьня было дамоўлена аб яе правядзеньні.

Даведаўшыся, што арганізатарам вечарынкі быў Дзяніс, міліцыя перапісала ягоныя пашпартныя дадзеныя і зьехала, забраўшы з сабой пяцярых непаўналетніх, каб праверыць іх на ўтрыманьне алькаголю ў крыві (усе аказаліся цьвярозымі).

Недзе празь месяц, 2 чэрвеня, маёр міліцыі Сяргей Козік выклікаў Дзяніса ў аддзяленьне і склаў на яго пратакол за правапарушэньне, прадугледжанае часткай 2 артыкулу 23.34 КаАП РБ.

Паводле пратаколу, Дзяніс парушыў закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” тым, што “арганізаваў і правёў іншае масавае мерапрыемства – культурнае мерапрыемства, выставу карцін невядомага мастака ў складзкім памяшканьні”.

Суд Першамайскага раёну прызнаў віцябляніна вінаватым і пакараў штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

У пабліку “Тыповы Віцебск” абвешчаны збор сродкаў на аплату штрафу.

Уладзімер Бяляўскі