Нагадаем, пратакол на журналістаў-фрылянсэраў быў складзены за інтэрвію, якое яны нібыта бралі ў Наваполацку і фрагмэнты якога зьявілася пазьней у праграме “Кожны з нас” тэлеканалу “Белсат”. Сюжэт тычыўся пажару на заводзе “Палімір” у 2016 годзе.
У скаргах Алена Шабуня і Вячаслаў Лазараў падкрэсьлівалі, што ажыцьцяўлялі сваё права на свабоду выказваньня ўласнага меркаваньня, гарантаванага міжнароднымі стандартамі і абавязкамі рэспублікі Беларусь, а таксама Канстытуцыяй. Доказаў таго, што ўзятае імі 21 лютага інтэрвію хоць якім-небудзь чынам замахвалася на інтарэсы дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя, маралі ці на правы і свабоды іншых асобаў, у Наваполацкага суду не было.
“Прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці не за зьмест, а за факт зьяўленьня ў замежных СМІ ёсьць неабгрунтаваным абмежаваньнем свабоды меркаваньняў і права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі”, – сьцьвярджалася ў скаргах.
Журналісты зьвярнулі ўвагу судзьдзі, што тэрмін прыцягненьня іх да адміністрацыйнай адказнасьці скончыўся яшчэ 21 красавіка (суд у Наваполацку адбыўся 15 траўня). Запэўнівалі, што фізычна не маглі займацца распаўсюдам інфармацыі з тэрыторыі сумежнай з Беларусьсю краіны, бо на той час знаходзіліся на радзіме.
Выслухаўшы аргумэнты скаржнікаў, судзьдзя Сьвятлана Іванова пастанавіла пакінуць прысуд Наваполацкага суду бязь зьменаў, а скаргі журналістаў без задавальненьня.
Павал Левінаў: Суд зноў напляваў на міжнароднае права
Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў кажа, што беларускі суд працягвае ігнараваць міжнародныя абавязкі.
“Суд зноў паказаў, што яму напляваць на міжнароднае права, на міжнародныя абавязкі: пастанову пакінуў у сіле, бо, маўляў, яна грунтуецца на нормах нацыянальнага заканадаўства. Ніводны довад скаргаў сёньня ня быў абвергнуты. І людзі засталіся прыцягнутымі да адміністрацыйнай адказнасьці толькі за тое, што ажыцьцяўлялі сваё права на свабоду меркаваньняў”, – пракамэнтаваў рашэньне Віцебскага абласнога суду Павал Левінаў.
Зьміцер Міраш