Як расказаў “Віцебскай вясьне” старэйшы брат Яраслаў да яго дамоў прыйшоў міліцыянт, які назваўся ўчастковым, і прад’явіў пратакол.
“Знаходзячыся каля помніку “Князю Альгерду”… у парушэньні закону “Аб масавых мерапрыемствах” ажыцьцявіў пікетаваньне з выкарыстаньнем палотнішча бел-чырвона-белага колеру”, – гаворыцца ў пратаколе, складзеным міліцыянтам Кастрычніцкага РАУС Віцебску Канстанцінам Ярашэўскім.
“Гэты ж самы міліцыянт, што прыходзіў да мяне, заходзіў і да майго брата, але дома не застаў. Там таксама казаў, што ён ягоны ўчастковы, хоць мы з братам жывем на розных вуліцах і ўчастковыя ў нас розныя. А празь дзень гэты “участковы” чакаў майго брата на выхадзе з тэатру. За паўгадзіны да гэтага я размаўляў з братам па тэлефоне, і той сказаў, што знаходзіцца ў тэатры. Таму я раблю выснову, што нашыя тэлефонныя размовы з братам праслухоўваюцца”, – расказаў Яраслаў Кійко.
“Улада лёгка падмінае пад сябе і мараль, і закон, калі на кану стаіць пытаньне кантролю за людзьмі, якія хочуць адчуваць сябе ў сваёй жа дзяржаве паўнавартаснымі грамадзянамі. Нават калі ты вырашыў у нядзельны сьвяточны дзень сфатаграфавацца з традыцыйным і нікім не забароненым сьцягам гэтай краіны, ты ўжо трапляеш у разрад “нязгодных”, на жаль…" – дадае Яраслаў.
Актывісты з пратаколамі не пагадзіліся і даваць тлумачэньні адмовіліся.
Суд над віцяблянамі адбудзецца 11 красавіка ў 10.00 у будынку суду Кастрычніцкага раёну Віцебску.
Нагадаем, напярэдадні Дня Волі 24 сакавіка віцябляне ўшанавалі БНР-101 ускладаньнем кветак да помнікаў князю Альгерду і Уладзімеру Караткевічу, а таксама да памятнай дошкі Васілю Быкава і да мэмарыялу, усталяванаму каля Усьпенскага сабору на месцы пахаваньня нявінна забітых грамадзянаў. Усё, што адбывалася падчас ускладаньня кветак, фіксавалі на фота- і відэакамэры супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзеньні. Але ў той дзень нікога не затрымлівалі і не папярэджвалі.
Уладзімер Бяляўскі