Як вынікае з дасланых журналістам паведамленьняў, ім трэба зьявіцца ў Шаркоўшчынскі РАУС у кабінэт № 8. Яшчэ ўказаныя адрас, час і артыкул, які прадугледжвае адказнасьць за няяўку. Больш ніякіх зьвестак у позьве не было. Позву падпісаў старшы інспэктар Шаркоўшчынскага аддзяленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі РАУС Андрэй Курэц.
Журналістаў зьдзівілі такія непісьменныя позвы ад супрацоўніка міліцыі (што праўда, падобныя паперы ім ужо прыходзілі неаднойчы). Ніякіх дадатковых удакладненьняў па тэлефоне таксама не было.
З аднаго боку, Зьміцер Лупач і Тацяна Смоткіна па такіх позвах могуць і ня ехаць у Шаркоўшчынскі РАУС. А зь іншага – некаму ж трэба вучыць міліцыянтаў складаць дакумэнты правільна.
Юрыст і праваабаронца Павал Левінаў параіў журналістам таксама праз Viber і WhatsApp напісаць адпаведны зварот да міліцыянтаў з прапановай скласьці позвы належным чынам. Бо, як кажа праваабаронца, дадзеныя дакумэнты не зьяўляюцца афіцыйнымі позвамі: зь іх незразумела, у якасьці каго, па якой справе, да каго і г.д. выклікае журналістаў старшы інспэктар Андрэй Курэц.
“Не зразумела ў позьве і за які кошт трэба ехаць журналістам у Шаркоўшчынскі РАУС. Абурае і тое, што позва напісаная з граматычнымі памылкамі. У мяне ўзьнікае сумнеў, ці пісаў яе сапраўды супрацоўнік міліцыі, куды адбіраюць самых лепшых, самых граматных і годных”, – зазначае Павал Левінаў.
Незалежная журналістка Тацяна Смоткіна 28 сакавіка праз WhatsApp даслала ў адказ паведамленьне, што яна гатовая явіцца ў міліцыю толькі па позьве, напісанай належным чынам. Бо, як кажа Тацяна, такім дакумэнтам міліцыянты не паважаюць ні сябе, ні журналістаў.
Зьміцер Лупач прытрымліваецца такога ж меркаваньня. Ён мае намер даслаць шаркоўшчынскім міліцыянтам спасылку на артыкул працэсуальнага кодэксу, дзе напісана, як мае быць аформленая позва.