Паралельна ў Першамайскім судзе Віцебску праходзілі працэсы над іншымі актывісткамі БХД – Тацянай Севярынец і Ірынай Захаравай. Усе яны бралі ўдзел 8 жніўня ў так званай варце каля рэстарана «Паедзем паядзім», што ў Курапатах.
Акцыя каля рэстарану цягнецца ўжо некалькі месяцаў – людзі пратэстуюць супраць працы забаўляльнай установы побач зь месцам пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Зь Менску па дарозе дадому Янушкоўская і Захарава былі затрыманыя і дастаўленыя ў Бараўлянскі пастарунак, дзе на іх склалі пратаколы. Янушкоўскай паставілі ў віну тое, што яна, паводле словаў судзьдзі, «дэманстратыўна стаяла каля брамы рэстарана "Паедзем паядзім" зь бел-чырвона-белым сьцягам», чым, на думку аўтараў пратаколу, «публічна выказвала сваё стаўленьне да функцыянаваньня гэтага рэстарану» і, такім чынам, парушыла частку 1 артыкул3 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).
На судовае паседжаньне Алена не змагла прыйсьці, а таму адміністрацыйная справа разьбіралася вельмі хутка. Судзьдзі спатрэбілася ўсяго 15 хвілін, каб разабрацца ва ўсіх матэрыялах (пратакол затрыманьня, пратаколы апытаньня сьведкаў-міліцыянтаў, рапарты), прагледзець відэазапіс, азнаёміцца з заявай актывісткі аб прычынах няяўкі.
Адметна, што Алена адсутнічала на працэсе, а судзьдзя асабіста зь ёй не знаёмы і ніколі не бачыў у вочы, таму ў прысутных у залі ўзьнікла пытаньне: як судзьдзя мог яе ідэнтыфікаваць на відэазапісы. Але Зубеня ніяк не пракамэнтаваў прагледжанае відэа.
На судзе павінны былі яшчэ выступіць сьведкі-міліцыянты Міхалевіч і Новік, але яны таксама не зьявіліся, спаслаўшыся на немагчымасьць прыехаць зь Менску.
Уладзімер Бяляўскі