Чацвер, 17 Май 2018

З кватэры жыхара Воршы, які пікетаваў з плякатам «Па 500 тут няма», канфіскавалі аргтэхніку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Раман Кузьмянкоў Раман Кузьмянкоў Фота: svaboda.org

У кватэры 28-гадовага Рамана Кузьмянкова правялі ператрус, забралі аргтэхніку і дапыталі ў сьледчым камітэце, навошта ён піша звароты ў райвыканкам, крытыкуючы мясцовыя ўлады.

Раман Кузьмянкоў распавёў, што ўвечары 15 траўня двое міліцыянтаў забралі ў яго кампутар, непрацоўную друкарку, флэшку і зьменны дыск.

«Міліцыянты паказалі пастанову на агляд кватэры, дзе падстава для ператрусу – нібыта я абразіў кагосьці з аршанскіх чыноўнікаў. Супрацоўнікі назвалі сябе, паклікалі панятых – маіх суседзяў. Але не пакінулі аніякіх папераў, што забралі аргтэхніку. Я нават не запомніў прозьвішчаў, бо спадзяваўся атрымаць на рукі дакумэнт, дзе яны будуць запісаныя. Ці копію. Але мне нічога не далі. Я пра гэта расказаў сёньня ў сьледчым камітэце, куды мяне выклікалі на размову», – распавёў Раман.

Паводле Кузьмянкова, у сьледчым камітэце яму сказалі, што праводзяць праверку па ананімным звароце: маўляў, нехта паведаміў у міліцыю, што ён абражае чыноўнікаў. Але каго канкрэтна і якім чынам – невядома, падкрэсьлівае Кузьмянкоў.

«Я некалькі разоў зьвяртаўся ў Аршанскі райвыканкам праз адмысловую форму на сайце. Паведамляў пра праблемы на прадпрыемствах, пра хібы ў працы камунальных службаў. Заўжды ўважліва перачытваў, што пішу, і абсалютна ня меў на мэце, каб абразіць кагосьці асабіста. Мае звароты я бачыў раздрукаванымі ў сьледчага, але мне іх не паказвалі. Нібыта ў гэтых допісах і ёсьць абразы ад майго імя», – сказаў Раман Кузьмянкоў.

Апошні раз ён напісаў у форме для зваротаў, што зьбіраецца зладзіць аднаасобны пікет на знак пратэсту супраць малых заробкаў. Пікет адбыўся 14 траўня. Кузьмянкова затрымалі і ў той самы дзень завезьлі ў суд. Судзьдзя Юлія Хаткевіч аштрафавала яго на 490 рублёў (20 базавых велічынь).

svaboda.org