Цяперашняе спагнаньне – ня першае адміністрацыйнае пакараньне, прызначанае актывісту. Але гэтае дзівіць сваім цынізмам і памерам.
Нагодай да складаньня адміністрацыйнага пратаколу стаў вусны зварот у міліцыю сацыяльнага работніка з Расонаў Аляксея Зуева. Гэты грамадзянін, ня маючы ўпэўненасьці, што наймальнік падоўжыць зь ім кантракт, праз інтэрнэт знайшоў магчымасьць атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю па пытаньнях, якія яго цікавяць.
У абвестцы, знойдзенай у інтэрнэце, быў тэлефон прадстаўніка Свабоднага прафсаюзу ў Полацку Віктара Стукава. Дамовіўшыся пра месца сустрэчы, жыхар Расонаў прыехаў у Полацак. Атрымаў у офісе СПБ адказы на свае пытаньні і рэкамэндацыі, што да варыянтаў сваіх дзеяньняў. Пасьля гэтага пайшоў у міліцыю і заявіў, што ён нібыта заплаціў за юрыдычную паслугу Віктару Стукаву 200 расейскіх рублёў. У якасьці доказу прад'явіў яшчэ 300 расейскіх і паперку з рэкамэндацыямі па вырашэньні сваіх праблемаў, напісаную Віктарам, ды глыбока раскаяўся ва ўчыненым.
Опэрупаўнаважаны АБЭЗ Полацкага РАУС Аляксандар Быкаў палічыў, што гэтай заявы дастаткова для складаньня адміністрацыйнага пратаколу ў дачыненьні да Стукава. Дзеля паважнасьці апытаў спадара Віктара, які ўсё адмаўляў, апрача факту бясплатнай кансультацыі. Апытаў свайго супрацоўніка, які прыняў Зуева ў пастарунку, і склаў пратакол агляду ўласнага габінэту. Склаў адміністрацыйны пратакол, дадаў фота 300 расейскіх рублёў, падшыў усё ў тэчку і адправіў справу ў суд.
Але нешта пайшло ня так. Пратакол хутка вярнулі назад, на дапрацоўку, паводле фармальных прычын. Здаецца, судзьдзя Ўладзімер Бясецкі, да якога патрапіла справа, вырашыў уцячы ад гэтага. Пасьля дапрацоўкі справу ўзяў на разгляд намесьнік старшыні суду па крымінальных справах Віталь Лапко.
Разгляд доўжыўся нядоўга. Судзьдзя, з прычыны адсутнасьці доказаў зьдзяйсьненьня адміністрацыйнага правапарушэньня, напружыў унутранае перакананьне і вырашыў, што Стукаў вінаваты паводле Ўказу прэзыдэнта №49 на 60 базавых велічынь.
Калі судзьдзя Лапко дастаў з тэчкі і зачытаў пры канцы судовага паседжаньня падрыхтаваную загадзя пастанову, мне падалося, што ён пачырванеў ад сораму.
Прысутныя былі ўзрушаныя такім хуткім і няправедным судом.
«Дык гэтак кожнага можна засудзіць, нічога даказваць ня трэба. Злавіў мент п'янага кліента – той напіша любую лажу пад дыктоўку, каб адмазацца – склаў пратакол на каго трэба і адправіў у суд. Штраф забясьпечаны», – абурыўся мясцовы актывіст Яўген Вільскі, які прысутнічаў на судзе.
Віктар Стукаў лічыць, што мэтай гэтага перасьледу зьяўляецца ня ён асабіста, а пяршоўка Свабоднага прафсаюзу на «Шкловалакне».
«Адміністрацыя прадпрыемства і ўлады гораду даўно і безвынікова змагаюцца зь першаснай суполкай СПБ на полацкім «Шкловалакне». Не знайшоўшы законных падставаў для ліквідацыі пяршоўкі, нейкія «знаўцы» вынаходзяць даступныя ім схемы процідзеяньня статутнай дзейнасьці прафсаюзу. Але іх намаганьні марныя – прафсаюз будзе дапамагаць людзям і надалей», – заявіў Віктар пасьля суду.
https://vitebskspring.org/news/administracyiny-perasled/item/2770-sud-u-polatsku-za-byasplatnuyu-kansultatsyyu-shtraf-u-60-bazavykh#sigProId85de8492a4
Аляксандар Марозаў