Нядзеля, 13 Лістапад 2016

Рэха выбараў: Аршанскі суд аштрафаваў назіральніка за дробнае хуліганства

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Віталь Паўлаў Віталь Паўлаў

10 лістапада ў Аршанскім судзе судзьдзя Іна Кохава пакарала сябра партыі БНФ Віталя Паўлава штрафам у памеры дзьвюх базавых велічыняў за «нецэнзурную лаянку» на выбарчым участку падчас сёлетняй парлямэнцкай кампаніі. Паводзіны апазыцыйнага актывіста былі кваліфікаваныя, як адміністрацыйнае правапарушэньне паводле артыкулу 17.1 КаАП («Дробнае хуліганства»).

Падставай для такога рашэньня суду сталі падзеі, што адбыліся 11 верасьня на выбарчым участку №6, які месьціўся ў памяшканьні сярэдняй школы №5 Воршы, дзе дырэктаркай працуе старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Натальлі Вайцаховіч.

Перад пачаткам падліку галасоў назіральнік ад партыі БНФ Віталь Паўлаў зьвярнуў увагу старшыні камісіі на тое, што згодна з законам адзін бок сталá мусіць заставацца адкрытым для агляданьня назіральнікамі. Натальля Вайцаховіч выказала сваю незадаволенасьць, але да заўвагі партыйнага актывіста прыслухалася.

Здавалася, канфлікт на гэтым быў вычарпаны. Аднак наступнага дня Віталь Паўлаў быў затрыманы міліцыянтамі на чыгуначным вакзале і зьмешчаны ў камэру часовага ўтрыманьня. Падставай для затрыманьня стала заява старшыні выбарчай камісіі, якую яна напісала ў райвыканкаме падчас здачы бюлетэняў, прыслухаўшыся да парадаў калегаў. Паводле заявы, назіральнік нібыта паводзіў сябе па-хуліганску: абражаў старшыню камісіі і брыдкасловіў.

На судзе словы заяўніцы пра нягодныя паводзіны Віталя Паўлава на выбарчым участку пацьвердзіла сябра выбарчай камісіі, пэдагог-псыхоляг СШ №5 Людміла Лазарава, падначаленая старшыні камісіі – дырэктаркі школы.

Аднак Віталь Паўлаў не пагадзіўся з высунутымі супраць яго абвінавачаньнямі, назваўшы іх надуманымі. Ён заявіў, што нікога не абражаў і не замінаў працы камісіі, бо ў адваротным выпадку ягоныя дзеяньні спыніў бы прысутны на ўчастку міліцыянт.

Двое іншых запрошаных у суд сьведак, што прысутнічалі ў той вечар на ўчастку, якія не залежаць па працы ад дырэктаркі школы, ня здолелі праліць сьвятло на сытуацыю і зрабіць карціну здарэньня больш зразумелай. Так, першы зь іх, супрацоўнік МНС, засьведчыў, што знаходзіўся на значнай адлегласьці ад месца канфлікту і нічога ня чуў. А супрацоўнік міліцыі наогул не зьявіўся на ніводнае судовае паседжаньне. Апошнім разам, згодна з дасланай яго кіраўніцтвам афіцыйнай паперай, падчас суду ён удзельнічаў у брыгадным дзяжурстве ў пасёлку Копысь.

На канчатковае рашэньне судзьдзі не паўплывалі ні хібы ў складзеным пратаколе, дзе адсутнічалі час і месца зьдзяйсьненьня правапарушэньня, ні той факт, што сьведкамі на судзе выступалі падначаленыя Натальлі Вайцаховіч.

Нягледзячы на тое, што Віталь Паўлаў лічыць справу сфабрыкаванай, абскарджваць рашэньне па ім у абласным судзе не зьбіраецца, бо ня мае ніводнага станоўчага прыкладу, калі б суд вышэйшай інстанцыі стаў на бок прадстаўніка апазыцыі.

С. Горкі