Руслан Цюрлік (злева) на волі Суд Заводскага раёна Мінска 26 лістапада вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да палітвязня Кірылы Жогалева і Руслана Цюрліка. Абодвух абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ў актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Алег Каляда. Дзяржабвінаваўца – пракурор Мікіта Савіцкі.

21 верасня 2021 года Кірыл Жогалеў і Руслан Цюрлік былі затрыманыя і да суда змешчаныя ў СІЗА №1.

Беларускай праваабарончай супольнасцю Кірыл Жогалеў 13 кастрычніка быў прызнаны палітычным зняволеным.

На папярэднім судовым пасяджэнні 25 лістапада стала вядома, што Кірыл і Руслан 6 верасня 2020 года прынялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – "Маршы адзінства" у Мінску, парушалі пры гэтым грамадскі парадак, стаялі ў счэпцы, выкрыквалі лозунгі, заміналі працы грамадскага транспарту. Разам з калонай мітынгоўцаў у перыяд часу з 13-50 да 18-40 рухаліся па вуліцах Смаленская, Кастрычніцкая плошча, Леніна, Інтэрнацыянальная, Ульянаўская, Кірава, праспект Незалежнасці і плошча Свабоды. Пры гэтым, “неаднаразова адмовіліся выканаць патрабаванне супрацоўнікаў міліцыі, перакрылі дарогу, чым перашкаджалі руху транспарту” (былі пералічаныя некалькі дзясяткаў маршрутаў).

На пытанне адваката да прадстаўніка Мінсктранса, чаму ў справе так шмат маршрутаў і няўжо ўсе іх перакрывалі абвінавачаныя, прадстаўніца адказала, што не ўяўляецца магчымым вызначыць, хто дзе перакрываў, таму пералічваюцца ўсе маршруты. Праз гэта “Мінсктранс” не выканаў сваю транспартную працу і свае абавязацельствы.

Сваю віну хлопцы прызналі цалкам і раскайваюцца ў сваіх учынках.

Кірыл Жогалеў на волі пасля суда
Кірыл Жогалеў на волі пасля суда

Жогалеў матэрыяльны пазоў прадпрыемства “Мінсктранс” прызнаў часткова, а Цюрлік адвовіўся катэгарычна.

У судзе былі заслуханыя паказанні шасці сведак – сяброў, сваякоў, калег па працы. Усе яны характарызавалі абвінавачаных станоўча.

Пад час судовых спрэчак 25 лістапада дзяржабвінваўца заявіў, што віна абвінавачаных даказаная пісьмовымі матэрыяламі справы, іх прызнаннем і прасіў суд пакараць Жогалева і Цюрліка абмежаваннем волі на два з паловай гады кожнага з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пракурор таксама прасіў задаволіць пазоў прадпрыемства “Мінсктранс” за матэрыяльную шкоду, панесеную спыненнем працы грамадскага транспарту.

Адвакаты, у сваю чаргу, прасілі суд абмежавацца “хатняй хіміяй”.

Суддзя вынес прысуд у поўнай адпаведнасці з прапановай пракурора: па два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Матэрыяльны пазоў “Мінсктранса” будзе разгледжаны ў парадку грамадзянскай судавытворчасці.

Да ўступленння ў сілу прысуда Жогалеў і Цюрлік былі вызваленыя з-пад варты пад падпіску аб нявыездзе.

Крыніца: За ўдзел у "Маршы адзінства" мінчукам прысудузілі па два з паловай гады “хіміі”