Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 22 і 23 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні 23 лістапада 

У Магілёве затрымалі маці з дачкой, паведамілі магілёўскія праваабаронцы.

Ад родных затрыманых стала вядома, што а 10:30 раніцы дадому да іх прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і забралі дачку — Сенажэнка Лізавету. Праз некалькі гадзін была затрымана маці Лізаветы — Адзінцова Кацярына. На дадзены момант яны знаходзяцца ў РАУСе Ленінскага раёна.

Санкцыя была толькі на імя Лізаветы. Па словах родных, ператрусу дома не было, прычына затрымання звязана з экстрэмізмам — меркавана, з «забароненымі» telegram-рэсурсамі.

Затрыманні ў Мінску 22 лістапада

За ўдзел у пратэстах затрымалі супрацоўніцу «Острова чистоты». Затрыманне адбылося наўпрост у краме. 22 лістапада раніцай за ўдзел у леташніх пратэстах супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі дзвюх супрацоўніц крамы бытавой хіміі «Остров чистоты» ў Лошыцы. Як паведамілі праваабаронцам «Вясны», затрыманыя — 26-гадовая Вікторыя Ганчарова і 34-гадовая Вольга Маліноўская. Затрыманне адбылося з розніцай у гадзіну. Па папярэдняй інфармацыі, Вікторыю ідэнтыфікавалі па фота са СМІ з акцыі 20 верасня мінулага году, дзе пратэстоўцы стаяць у счэпцы і перакрываюць дарогу. Увечары Вольгу адпусцілі, а Вікторыю змясцілі ў ізалятар.

Таксама ў Мінску быў затрыманы 25-гадовы Данііл Касенка. Вядома толькі, што ён быў затрыманы ў цэнтры горада і быў на машыне. Яго змясцілі на Акрэсціна. Прычына затрымання пакуль невядомая.

Паведамляецца пра затрыманне ў сталіцы Аліны Забаштанскай. Прычыны і абставіны затрымання таксама пакуль невядомыя.

Матэрыялы інтэрнет-рэсурсу «Барысаўскія навіны» прызнаныя экстрэмісцкімі.

На 22 лістапада ў магілеўскі КДБ выклікалі Ларысу Кастусёву, жонку зняволенага лідэра Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Пра гэта паведамляе рэгіянальны рэсурс «Магілёўскі рэгіён»

Што паслужыла падставай для выкліка, спадарыня Ларыса не ведае, – кажа, што вельмі расхвалявалася, і таму не ўдакладніла ў супрацоўніка КДБ падрабязнасці. Але магчыма, выклік неяк звязаны з арыштам на іх агульную з Рыгорам маёмасць, выказала меркаванне Ларыса Кастусёва.

Палітвязні

Новая крымінальная справа на палітвязня Міхаіла Чамураку

Міхаіл Чамурака. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.
Міхаіл Чамурака. Фота: Беларускае Радыё Рацыя.

Праваабаронцам стала вядома, што на актывіста з Дуброўна, палітзняволенага Міхаіла Чамураку заведзена новая крымінальная справа - па арт. 130 Крымінальнага кодэксу (Распальванне варожасці). Што менавіта стала падставай для ўзбуджэння справы, пакуль невядома. 

У дадзены момант Міхаіл Чамурака адбывае пакаранне ў выглядзе трох гадоў "хіміі" ў папраўчай установе адкрытага тыпу №29 у Ваўкавыску. Ён асуджаны па крымінальнай справе за паклёп у дачыненні да старшыні выбарчай камісіі (арт. 188 КК).

Палітзняволеная Анастасія Нікіціна адбыла пакаранне і выйшла на волю. Яе адразу дэпартавалі ў Расію

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 40-гадовая Анастасія Нікіціна днямі была вызваленая з гомельскай жаночай калоніі №4 пасля адбыцця пакарання. Нагадаем, у сакавіку ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска яе асудзілі да 13 месяцаў пазбаўлення волі па арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за раскіданыя каля пракуратуры Мінска самарэзы.

Жанчына да затрымання жыла ў Мінску і мае дваіх непоўнагадовых дзяцей. Пасля вызвалення яе дэпартавалі ў Расійскую Федэрацыю. Верагодна, яна грамадзянка Расіі.

На волю выйшаў палітзняволены актывіст Аляксей Раманаў. Ён цалкам адбыў пакаранне

Аляксей Раманаў пасля вызвалення. Фота
Аляксей Раманаў пасля вызвалення. Фота "Радыё Свабода"

23 лістапада на волю выйшаў гомельскі актывіст Аляксей Раманаў. Аляксей актыўна ўдзельнічаў у агітацыйных пікетах штабу Святланы Ціханоўскай як валанцёр. На пікеце ў Хойніках 28 ліпеня мужчына нэгатыўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку, за гэта на яго пакаралі па арт. 368 Крымінальнага кодэксу да аднаго года калоніі. Пакаранне ён адбываў у глыбоцкай калоніі №13. 

Аляксей мае інваліднасць 2-й групы ў сувязі з анкалагічным захворваннем. У калоніі ў яго значна пагоршаў стан.

Крыніца: Новыя затрыманні, крымінальныя справы і вызваленні палітвязняў. Хроніка пераследу 22-23 лістапада