У судзе Савецкага раёна Гомеля 22 лістапада да 1,5 гады калоніі агульнага рэжыму па ч.1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 369 (публічная абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса асудзілі палітзняволенага гомельскага актывіста Яўгена Маркаўца. Суд за шэсць каментароў гамельчука ў тэлеграм-чатах доўжыўся амаль два месяцы. Пад вартай Яўген утрымліваецца ўжо паўгады. Справу разглядаў суддзя Віталь Каўбеня, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Аляксандр Шынкароў.  Па версіі абвінавачання, у жніўні і верасні мінулага года Маркавец у тэлеграм-чатах размясціў заклікі да супрацьпраўных дзеянняў. Таксама ў тэлеграме ён пакінуў абразлівы каментар у адносінах да супрацоўніка АМАПа Варушчанкі. Усяго ў матэрыялах справы фігуруе шэсць каментароў. Сярод іх – «Час узгадаць партызанскія традыцыі продкаў, дзейнічаць таемна», «Час замыкаць дротам чыгуначныя шляхі. Калі масава, гэта эфектыўна», «Наша сіла ў адзінстве, трэба нам (кіроўцам, якіх пазбавілі правоў за сігнал) сабрацца чалавек 50 і прыехаць пад будынак ДАІ» і іншыя.

markavec_yauhen.jpg
Яўген Маркавец

Яўген Маркавец прызнаў віну часткова – абразлівы каментар ён насамрэч змясціў, а вось заклікаў да дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак ён не рабіў. 

«Я насамрэч абразіў незнаёмага мне асабіста супрацоўніка АМАПу, – тлумачыў на судзе Яўген. – Я паверыў той інфармацыі, якую пра яго змясцілі ў тэлеграм-канале, быў на эмоцыях і магчыма навёў паклёп на невінаватага чалавека».

Пацярпелы супрацоўнік АМАПу, якога абразілі ў тэлеграм-канале, даведаўся пра гэта толькі ад следчага, які вёў справу супраць Маркаўца. 

Яўген Маркавец патлумачыў у судзе, што быў вельмі ўзрушаны збіццём пратэстоўцаў, нават ужо затрыманых у пастарунках, таму на эмоцыях пісаў гэтыя каментары, дзе выказваў сваё меркаванне, а не заклікаў да канкрэтных супрацьпраўных дзеянняў.

"Быў вельмі ўзрушаны збіццём пратэстоўцаў, таму на эмоцыях пісаў гэтыя каментары". У Гомелі пачаўся суд над палітвязнем

У судзе Савецкага раёна Гомеля 30 верасня пачаўся суд над палітзняволеным гамельчуком Яўгенам Маркаўцом, піша гомельская "Вясна".

Падчас судовых спрэчак пракурор Аляксандр Шынкароў заявіў, што віна Яўгена Маркаўна па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса цалкам даказаная і запатрабаваў пакараць яго двума гадамі калоніі. Таксама пракурор настойваў, каб гамельчук выплаціў пацярпеламу амапаўцу 2000 рублёў.

Сваю віну ў абразе міліцыянта Яўген прызнаў цалкам і на судзе прынёс прабачэнні пацярпеламу супрацоўніку гомельскага АМАПу. З абвінавачаннем у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, Яўген не пагадзіўся:

"Ні адно з тых паведамленняў, якія я напісаў у телеграм-чаце, нельга расцаніць як рэкамендацыю або інструкцыю. Таму вінаваціць мяне ў арганізацыі якіх бы там ні было дзеянняў нельга".

У выніку, суддзя Віталь Каўбеня пакараў Яўгена Маркаўца да паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама суд пастанавіў спагнаць з палітвязня ў карысць пацярпелага амапаўца тысячу рублёў, што на палову меней, што патрабаваў пракурор. 

Крыніца: Палітзняволенага актывіста з Гомеля асудзілі да 1,5 года калоніі за шэсць каментароў у тэлеграм-чатах