Суд Ленінскага раёна Мінска пачынае разгляд крымінальнай справы супраць мінскага мастака-дызайнера Андрэя Бяляўскага.
Былы фігурант справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў абвінавачваецца ў захоўванні аднага патрона (ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса). Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
Такім чынам, адзіны патрон ад аўтамата Калашнікава, які няведама колькі гадоў пыліўся ў шафе ў якасці сувеніра і быў знойдзены пад час ператрусу ў сакавіку мінулага года, можа стаць прычынай доўгатэрміновага зняволення для Андрэя Бяляўскага.
Нагадаем, Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу - "Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках" і арт. 287 Крымінальнага кодэкса - “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”. Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 287 КК. Пад час ператрусу адразу пасля затрымання ў яго быў знойдзены спраўны патрон.
12 снежня Следчы камітэт прад’явіў абвінавачанне маладому чалавеку па ч. 2 арт. 295 “Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў” за захоўванне аднаго патрона.
Андрэй Бяляўскі пад час допыту перадаў следчаму, які вядзе справу, хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу, з просьбай прызнаць яго ўчынак з захоўваннем патрона не ўяўляючым грамадскай небяспекі і юрыдычна нязначным. 5 снежня яму было адмоўлена ў задавальненні гэтага хадайніцтва.
***
Суд пачаўся ў 10-30. Справу разглядае суддзя Марына Запаснік. Абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксей Кісляк. Прымаецца рашэнне аб забароне фота і відэаздымак.
Пачынаецца допыт абвінавачанага. Андрэй Бяляўскі цалкам прызнае сваю віну ў захоўвані боепрыпаса - патрона ад аўтамата Калашнікава.
Ён распавядае, як напачатку лета 2013 года купіў у Рэчыцы аўтамабіль “Гранд Чэрокі». Праз некаторы час знайшоў у салоне аўто, каля задняга сядзення, патрон, які і забраў сабе ў якасці сувеніра.
Увесь час патрон знаходзіўся ў верхняй шуфлядзе стала, пакуль яго не знайшлі пад час вобшуку.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” сочыць за крымінальнай справай і ў выпадку, калі Андрэя Бяляўскага суд пакарае рэальным пазбаўленнем волі, такое пакаранне будзе расцэньвацца, як відавочна непрапарцыйнае і палітычна матываванае. У такім выпадку гаворка пойдзе аб прызнанні яго палітвязнем.
Крыніца: Пачынаецца суд над Андрэем Бяляўскім за захоўванне патрона Дапоўнена