Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 3-4 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Затрыманні ў Мінску

У Мінску затрыманы Максім Ланцунцэвіч. Прычыны і абставіны затрымання пакуль невядомыя.

Улады заблакавалі сайт экаарганізацыі «Экадом»

Міністэрства інфармацыі апавясціла арганізацыю аб тым, што вырашыла абмежаваць доступ да сайта.

Нагадаем, улады пазбавілі экалагічную арганізацыю рэгістрацыі ў канцы жніўня.

У кастрычніку гэту ліквідацыю прызналі незаконнай на міжнародным узроўні. Уладам далі месяц, каб аднавіць у рэгістрацыі «Экадом» – іначай Беларусь пазбавяць правоў і прывілеяў па міжнароднай экалагічнай канвенцыі.

Затрыманую ў Расіі беларуску Яну Пінчук змясцілі пад варту ў СІЗА ў Санкт-Пецярбургу

Сёння ў Санкт-Пецярбургу адбыўся суд аб абранні меры стрымання да экстрадыцыі ў Беларусь 24-гадовай Яны Пінчук. Да суда двое сутак яна ўтрымлівалася ў ІЧУ Васілевостраўскага раёна. Як распавяла адвакат Яны, пад вартай яна будзе знаходзіцца ў СІЗА-5 у Санкт-Пецярбургу мінімум да 10 снежня. Затым пракуратура будзе вырашаць яе лёс і пытанне аб экстрадыцыі ў Беларусь. Што характэрна, запыт на экстрадыцыю ў Беларусь Пінчук адсутнічае ў матэрыялах справы.

Крымінальную справу па ч. 3 арт.130, ч.1 арт. 361-1 КК супраць Яны Пінчук распачалі ў траўні гэтага года праз тое, што яна з 23.09.2020 па 07.12.2020 "адміністравала тэлеграм-канал "Витебск 97%". 5 траўня Яну абвясцілі ў вышук. Цэлы год яна не ездзіла ў Беларусь, працавала ў Расіі афіцыянткай. Пра тое, што яна ў вышуку, яна не ведала. Затрымалі Яну 1 лістапада дома ў яе маладога чалавека, які з'яўляецца грамадзянінам Расіі.

На судзе Яна распавяла, што пакутуе хранічным гастрытам, астмай, панічнымі нападамі. 

????Падтрымаць беларуску ў расійскім СІЗА можна праз анлайн-сэрвіс "ФСВП-ліст" (даходзяць на працягу трох рабочых дзён): fsin-pismo.ru/client/app/letter/create

Пакуль Яна змяшчаецца па адрасе: СІЗА-5 (Арсеналка), 195009, Санкт-Пецярбург, вул. Арсенальная, дом 11, Пінчук Яна Вітальеўна (28.06.1997)

Дома ў гомельскага актывіста Іллі Міронава адбыўся чарговы ператрус 

Ілля Міронаў. Фота: Новы Час.
Ілля Міронаў. Фота: "Новы Час"

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміла маці палітвязня Валянціна.

Паводле яе словаў, сілавікі нічога не знайшлі, «бо ўсё, што можна ўжо забралі пры папярэдніх ператрусах»

Ілля Міронаў быў затрыманы 30 верасня па «cправе Зельцара». Вядома, што палітвязень праходзіць па крымінальнай справе па артыкулах 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады) і 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці). Таксама паведамлялася, што Міронава правяралі на фінансаванне экстрэмізму.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 3-4 лістапада