Завод беленай цэлюлозы ў Светлагорску. Фота з сайта greenbelarus.info Жыхары Светлагорска і бліжэйшай вёскі Якімава Слабада звярнуліся з калектыўнай скаргай у раённную інспекцыю прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміла  праваабаронца Алена Маслюкова. 

Зарэгістравалі сёння сумесную заяву жыхароў г. Светлагорска і вёскі Якімава Слабада ў экалагічнай інспекцыі

Алена Маслюкова

Людзей вельмі непакояць невыносны смурод, выкіды газаў і хімічныя сцёкі з нядаўнага запушчанага Завода беленай цэлюлозы, пабудаванага па кітайскім праекце.

“Трэці месяц заводам беленай цэлюлозы працягваецца ненарматыўнае забруджванне паветра газамі, якія маюць моцны дрэнны пах і пагаршаюць самаадчуванне людзей. Мясцовым жыхарам не паведамляецца пра хімічны склад гэтых газаў, што дае падставу меркаваць  аб наяўнасці ў іх элементарнага хлора і іншых атрутных рэчываў, якія маюць адмоўны ўплыў на здароўе людзей”, - пішуць мясцовыя жыхары ў скарзе, якую падпісалі больш за 30 чалавек.

Яны таксама прыводзяць зафіксаваны многімі відавочцамі факт выкідаў у бліжэйшую канаву,  злучанай з ракой Бярэзінай, неачышчаных сцёкаў, які меў месца ўвечары 1 студзеня.  

Мясцовыя жыхары просяць караўніцтва раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя паведаміць ім пра хімічны склад  і аб’ём сцёкаў, а таксама аб захадах інспекцыі па прадухіленні ў будучым падобных экалагічных інцыдэнтаў.

У СМІ паведамлялася, што 25 снежня жыхары вёскі Якімава Слабада пад Светлагорскам, устурбаваныя непрыемных пахам і выкідамі новага завода сабраліся на стыхійны мітынг.

«Але ўлада вырашыла праблему традыцыйна - запалохваннем людзей. Па хатах пайшоў участковы з апытаннямі: хто арганізаваў мітынг, хто вас сабраў ... А работнікам школы, садка і іншых арганізацый параілі маўчаць», - распавяла журналістам naviny.by праваабаронца са Светлагорску Алена Маслюкова.

Крыніца: Светлагорцы просяць экалагічную інспекцыю абараніць іх ад выкідаў новага хімічнага завода