Ілля Дубскі. Фота з сацыяльных сетак. У Магілёве 7 кастрычніка абвясцілі прысуд 24-гадоваму жыхару Асіповічаў Іллі Дубскаму, які абвінавачваўся ў пагрозе гвалту ў дачыненні да сілавікоў і распальванні сацыяльнай варожасці.

Восенню мінулага года абвінавачаны адседзеў 13 сутак арышту за мітынгі. Пазней яго затрымалі па крымінальнай справе, узбуджанай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 130 (да пяці гадоў пазбаўлення волі) і ч.1 ст. 366 (да сямі гадоў пазбаўлення волі), паведамляе zerkalo.io

Да суда, з красавіка, быў змешчаны ў следчы ізалятар у Магілёве.

«Меў праблемы з законам»

Іллі Дубскаму 24 гады. Ён зводны брат былога лідэра арганізацыі маладафронтаўцаў у Асіповічах, экс-палітвязьня Арцёма Дубскага, які ўжо 10 гадоў як выехаў у Польшчу. Арцём Дубскі не выключае, што праблемы ў зводнага брата ўзьніклі менавіта таму, што яны сваякі, піша Радыё Свабода.

«Раней брат меў праблемы з законам, і летась зноў аказаўся за кратамі. Мяркую, проста як хуліган. Але з яго зрабілі палітычнага. Можа, узгадалі, што ў Асіповічах ужо быў адзін актывіст Дубскі, дык і другога туды ж запісалі. Між тым, колькі яго ведаю, ён заўсёды быў па-за палітыкай», — сцвярджае Арцём Дубскі. Былы маладафронтавец кажа, што кантактуе з братам Ільлём не часта, бо яны жывуць у розных краінах.

Паводле інфармацыі Zerkalo.io, падставай для крымінальнага пераследу сталі паведамленні ў адным з тэлеграм-чатаў: аўдыё і тэкставыя. Паводле версіі абвінавачвання, у іх утрымліваліся пагрозы гвалту ў дачыненні да сілавікоў, а таксама прыкметы распальвання варожасці.

Абарона Іллі Дубскага не пагадзілася з прысудам і мае намер яго абскардзіць.

Крыніца: Жыхар Асіповічаў атрымаў пяць гадоў калоніі за паведамленні ў тэлеграм-чатах