Назіральнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Раман Юргель прысутнічаў на паседжанні адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій. Усяго, паводле назіральніка, было ўтворана 72 УВК, і ні ў водную з іх не ўвайшлі прадстаўнікі дэмакратычнага блоку.
Ад трох вылучэнцаў гродзенскай філіі партыі БНФ дакументы прынялі, але падчас абмеркаванні кандыдатур начальніца арганізацыйнага аддзелу адміністрацыі Ларыса Барысава абвясціла, што вылучэнне ад Гродзенскай ПБНФ неправамоцна. Высветлілася, што вылучэнне кандыдатаў ва УВК адбылося тады, калі яшчэ не былі створаныя ўчасткі для галасавання. І, адпаведна, іх пакеты дакументаў не разглядалі.
Прадстаўнік БСДП (Грамада) Анатоль Мышкевіч сабраў подпісы выбаршчыкаў аб сваім вылучэнні ва УВК не па сваім участку, што і стала прычынай адмовы ў разглядзе дакументаў. А за трох прадстаўнікоў Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, чые дакументы былі аформленыя правільна, на паседжанні проста ніхто не прагаласаваў.
Створаныя УВК на 95% складаюцца з тых людзей, якія ўдзельнічалі у прошлых выбарах. Кіраўнік адміністрацыі Алег Белінскі прапанаваў удзельнікам паседжання галасаваць спісам па тых кандыдатурах, колькасць якіх не перавышае колькасць магчымых сябраў ствараемай УВК. Такім чынам у большасці галасаванне адбывалася па спісах, без абмеркавання. Персанальна галасавалі толькі па тых УВК, дзе колькасць прэтэндэнтаў была болей за колькасць магчымых сябраў. Крытэрамі адбору былі досвед працы ў камісіях і веданне ВК РБ.
У выніку было сфармавана 72 участковыя выбарчыя камісіі па Кастрычніцкім раёне Гродна, складам ад 5 да 14 чалавек. З 917 вылучэнцаў у іх склад увайшло 870 чалавек.