Андрэй Бяляўскі. Фота: Радыё Свабода. Крымінальная справа мінскага мастака-дызайнера Андрэя Бяляўскага за захоўванне аднаго патрона, перададзеная ў суд Ленінскага раёна Мінска. Згодна з ч. 1 арыкула 295 Крымінальнага кодэкса РБ, яму можа пагражаць абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі, ці папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў.

Такім чынам, адзіны патрон, які няведама колькі гадоў пыліўся ў шафе ў якасці сувеніра, можа стаць прычынай доўгатэрміновага зняволення для былога фігуранта справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Нагадаем, мастак-дызайнер з Мінска Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу - "Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках" і арт. 287 Крымінальнага кодэкса - “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”. Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 287 КК. Пад час пертрусу адразу пасля затрымання у яго быў знойдзены спраўны патрон.

12 снежня Следчы камітэт прад’явіў абвінавачанне маладому чалавеку па ч. 2 арт. 295 “Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў” за захоўванне аднаго патрона.

Андрэй Бяляўскі пад час допыту перадаў следчаму, які вядзе справу, хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу, з просьбай прызнаць яго ўчынак з захоўваннем патрона не ўяўляючым грамадскай небяспекі і юрыдычна нязначным. 

5 снежня яму было адмоўлена ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы за захоўванне патрона, як не ўяўляючай грамадскай небяспекі і юрыдычна малазначнай.

Праваабаронцы “Вясны” будуць пільна адсочваць гэтую крымінальную справу і ў выпадку, калі Андрэя Бяляўскага суд пакарае рэальным пазбаўленнем волі, такое пакаранне будзе расцэньвацца, як відавочна непрапарцыйнае і палітычна матываванае. У такім выпадку гаворка пойдзе аб прызнанні яго палітвязнем.

Дата суда пакуль не прызначаная.

Крыніца: У суд перададзеная крымінальная справа за захоўванне патрона