Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
- у снежні не было зафіксавана істотных сістэмных зменаў у галіне правоў чалавека;
- у месцах пазбаўлення волі працягвалі знаходзіцца палітвязні Міхаіл Жамчужны і прызнаны Amnesty International вязнем сумлення Дзмітрый Паліенка. Па інфармацыі ПЦ “Вясна”, абодва палітвязні падвяргаюцца розным формам ціску з боку адміністрацый папраўчых устаноў;
- працягваецца крымінальны пераслед абвінавачаных па раней распачатых палітычна матываваных крымінальных справах у дачыненні да актывістаў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка;
- у дачыненні да аднаго з раней абвінавачаных па спыненай у лістападзе крымінальнай справе аб арганізацыі незаконнага ўзброенага фармавання (спынена праз нязначнасць правапарушэння па ч. 4 арт. 11 КК) Андрэя Бяляўскага распачатая новая крымінальная справа па ч. 2 арт. 295 КК (незаконнае захоўванне аднаго баявога патрона). Праваабаронцы заклікалі таксама спыніць гэтую крымінальную справу праз яе малазначнасць;
- суд адмовіў у задавальненні пазову аб кампенсацыі маральнай шкоды ў сувязі утрыманнем пад вартай у СІЗА МУС актывіста «Маладога Фронта» Зміцера Крэмянецкага, раней абвінавачанага па ч. 3 арт. 293 КК (падрыхтоўка масавых беспарадкаў). Варта адзначыць, што гэтая крымінальная справа была спыненая Следчым камітэтам у сувязі з адсутнасцю складу злачынства ў дзеяннях Крэмянецкага;
- на працягу месяца былі зафіксаваныя выпадкі прыцягнення ўдзельнікаў і арганізатараў мірных сходаў да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў;
- колькасць адміністрацыйных арыштаў, якія выносіліся судамі ў дачыненні да палітычных актывістаў у снежні, значна скарацілася ў параўнанні з папярэднімі перыядамі, аднак на дадзеным этапе няма падставаў сцвярджаць пра гэта як тэндэнцыю;
- 20 снежня Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь адмовіла ў задавальненні апеляцыйнай скаргі прысуджаных да расстрэлу Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова. Смяротны прысуд уступіў у законную сілу;
- працягваецца ціск на незалежных журналістаў у сувязі з выкананнем імі прафесійных абавязкаў; 14 снежня Мінінфармацыі прыняло рашэнне аб абмежаванні доступу да інфармацыйнага рэсурсу «Беларускі партызан» (belaruspartisan.org) у сувязі з размяшчэннем на дадзеным рэсурсе матэрыялаў, у якіх змяшчаецца «забароненая інфармацыя». Дадзены факт выклікаў крытыку з боку незалежнай журналісцкай супольнасці краіны і праваабаронцаў.
Як стала вядома ПЦ "Вясна", 27 лістапада Цэнтральным апаратам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь супраць былога абвінавачанага па справе аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання (справа спынена 27 лістапада) Андрэя Бяляўскага была распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 295 КК РБ (незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і г.д.). Падчас ператрусу пры затрыманні ў яго быў знойдзены агнястрэльны боепрыпас (адзін патрон). 12 снежня А. Бяляўскаму было прад'яўленае абвінавачванне.
Андрэй Бяляўскі падчас допыту перадаў следчаму, які вядзе справу, хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу па ч. 4 арт. 11 КК як малазначнага правапарушэння, якое не ўяўляе грамадскай небяспекі.
Улічваючы гэтыя абставіны і магчымыя наступствы, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, каментуючы ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць Андрэя Бяляўскага, заклікаў Следчы камітэт быць паслядоўнымі і праявіць прававую логіку.
15 снежня А. Бяляўскаму было адмоўлена ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы.
8 снежня ў судзе Горацкага раёна Магілёўскай вобласці адбыўся разгляд скаргі палітвязня Міхаіла Жамчужнага на вынесенае яму адміністрацыяй калоніі № 9 у жніўні бягучага года спагнанне ў выглядзе пяці сутак ШІЗА. Суд адмовіў у задавальненні скаргі.
У сваіх тлумачэннях, якія палітвязень прадстаўляў падчас атрымання спагнанняў, ён паказваў на сапраўдныя прычыны адмоў пераходзіць у атрад № 13 або іншыя атрады горацкай калоніі і патрабаваў пераводу яго ў бяспечнае месца. Вядома, што на заявы Міхаіла Жамчужнага аб змяшчэнні яго ў бяспечнае месца адміністрацыя не рэагуе.
Міхаіл Жамчужны заяўляе, што адчувае рэальную пагрозу свайму жыццю. Ён папрасіў перадаць, што “што б са мной ні адбывалася, я вешацца не буду, са здароўем у мяне ўсё ў парадку”.
У сувязі з гэтай сітуацыяй праваабаронца Наста Лойка звярнулася ў пракуратуру Горацкага раёна з просьбай прыняць меры пракурорскага рэагавання да службовых асобаў папраўчай калоніі № 9 па забеспячэнні асабістай бяспекі палітвязня Міхаіла Жамчужнага.
14 снежня суд Маскоўскага р-на г. Мінска адмовіў у задавальненні пазову аб кампенсацыі маральнай шкоды ў сувязі з незаконным утрыманнем пад вартай актывіста «Маладога фронту» Зміцера Крэмянецкага.
Суд Маскоўскага раёна г. Мінска разгледзеў грамадзянскую справу па пазове былога фігуранта справы аб масавых беспарадках маладафронтаўца Зьмітра Крэмянецкага да Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Актывіст меў намер спагнаць з сілавога органа маральную кампенсацыю ў памеры 10 тысяч беларускіх рублёў за свой незаконны арышт і ўтрыманне на працягу 10 сутак у СІЗА, якое прычыніла яму маральныя пакуты.
Нагадаем, гісторыя з кампенсацыяй маральнай шкоды пачалася яшчэ ў чэрвені, калі следчым КДБ была вынесена пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да маладафронтаўца праз адсутнасць у яго дзеяннях складу злачынства. У рамках крымінальнай справы па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў Крэмянецкі утрымліваўся пад вартай у СІЗА № 1 Мінска 10 сутак.
Прымусовая праца
Генеральная пракуратура пакінула без разгляду па сутнасці скаргу юрыста ПЦ "Вясна" Валянціна Стэфановіча аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці службовых асобаў Маладзечанскага райвыканкама.
Начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства Следчага камітэта І. Сяўрук, таксама як і пракурор Мінскай вобласці, палічыў, што ўсё доказы, у тым ліку названыя Валянцінам Стэфановічам абставіны, па справе гібелі вучаніцы Вікторыі Папчэня на ўборцы бульбы ў мінулым годзе былі правераны судом, і ім была дадзеная належная юрыдычная ацэнка.
Нагадаем, трагедыя адбылася 29 верасня 2016 года падчас выканання школьнікамі з Маладзечна сельгасработ па ўборцы бульбы і выклікала шырокі грамадскі рэзананс. 13-гадовая Вікторыя Папчэня трапіла пад колы грузавіка, які рухаўся заднім ходам. Суд Маладзечанскага раёна 23 снежня прызнаў вінаватым у смерці школьніцы 22-гадовага кіроўцу Паўла Цыбіна і прысудзіў яго да трох гадоў абмежавання волі.
12 ліпеня той жа суд асудзіў настаўніц сярэдняй школы № 11 Вольгу Завадскую і Ірыну Апанасевіч да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы зняволення і штрафу ў памеры 100 базавых велічынь за неналежнае выкананне абавязкаў па забеспячэнні бяспекі, жыцця і здароўя дзяцей.
Валянцін Стэфановіч не аднойчы звяртаўся ў Пракуратуру і Следчы камітэт па Мінскай вобласці з патрабаваннем правядзення праверкі і прыцягнення да адказнасці чыноўнікаў Маладзечанскага райвыканкама — старшыні А. Яхнаўца і начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму І. Драпезы, якія выдалі незаконныя распараджэнні аб прыцягненні вучняў школы да ўборкі ўраджаю бульбы. Службовым асобам райвыканкама былі вынесеныя толькі вымовы.
Пракуратура Гомельскай вобласці разгледзела зварот праваабаронцы Валянціна Стэфановіча па пытанні парушэння законнасці і правоў грамадзян пры ўборцы лёну на палях сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Кармянскага, Буда-Кашалёўскага і Чачэрскага раёнаў і не ўгледзела падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання па заяве. У той жа час шэраг службовых асоб Гомельскага аблвыканкама былі звольненыя з займаных пасадаў, як паведаміў раней кіраўнік Мінсельгасхарча Леанід Заяц.
Цягам месяца былі зафіксаваныя выпадкі прыцягнення працаўнікоў прадпрыемстваў да ўборкі сельгаспрадукцыі.
Ціск на праваабаронцаў
21 снежня Мінскі гарадскі суд разгледзеў скаргу беларускіх праваабаронцаў на адмову суда Цэнтральнага раёна г. Мінска ў задавальненні скаргі на дзеянні Міністэрства ўнутраных спраў і пакінуў рашэнне раённага суда ў сіле.
Так, праваабаронцы яшчэ ў ліпені 2017 года звярталіся ў МУС з калектыўным зваротам аб скарачэнні тэрміну забароны ўезду ў Беларусь для Алены Танкачовай і выключэнні яе са спісу асоб, якім ўезд у краіну забаронены. Аднак МУС пакінуў зварот без разгляду па сутнасці, спаслаўшыся на тое, што заяўнікі не падалі даверанасць ад імя Танкачовай. Праваабаронцы не пагадзіліся з такім рашэннем ведамства і накіравалі скаргу ў суд Цэнтральнага раёна з просьбай прызнаць адказ МУС не заснаваным на законе і адмяніць яго, а таксама абавязаць яго разгледзець калектыўны зварот і скараціць тэрмін забароны ўезду для Танкачовай. У выніку суд заняў бок МУС і адмовіў у задавальненні скаргі на падставе таго, што заяўнікамі ў звароце пастаўлена пытанне аб правах А. Танкачовай без прадастаўлення адпаведнай даверанасці.
Жорсткае абыходжанне
У СМІ з'явілася інфармацыя аб прымяненні забароненага жорсткага абыходжання да выхаванцаў устаноў адукацыі закрытага тыпу. Такія выпадкі адбываюцца ў тым ліку ў сувязі з адсутнасцю грамадзянскага кантролю за гэтымі квазіпенітэнцыярнымі ўстановамі.
Пракуратурай Мінскай вобласці адменена пастанова аб спыненні крымінальнай справы па факце гібелі Алега Багданава ў студзені 2016 года ў жодзінскай турме № 8.
Парушэнне права на мірныя сходы і свабоды выказвання меркаванняў
Як стала вядома “Гомельскай Вясне”, 7 снежня ў Гомелі суддзі судоў Савецкага раёна Віталь Каўбеня і Чыгуначнага раёна Андрэй Хлышчэнка правялі завочныя адміністрацыйныя працэсы, падчас якіх прыцягнулі да адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў актывістаў Вадзіма Васільева і Яўгена Маркаўца за іх удзел 21 кастрычніка ў мітынгу пратэсту ў Мінску, які атрымаў назву «Марш раззлаваных беларусаў 2.0».
У той жа дзень прадпрымальнік з Полацка Генадзь Бердзянёў атрымаў па пошце рашэнне суда Маскоўскага раёна Мінска, згодна з якім ён прызнаны вінаватым у парушэнні ўсталяванага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і прыцягнуты да адказнасці па артыкуле 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь за ўдзел у той жа акцыі пратэсту. Суддзя Таццяна Мотыль асудзіла актывіста да штрафу ў памеры 25 базавых велічынь.
За ўдзел у акцыі пратэсту “Свечка памяці”, якая прайшла ў Мінску на прыступках будынку КДБ 29 кастрычніка, пакараны штрафам у 4 базавыя велічыні (92 рублі) мінскі пенсіянер Антось Вусовіч.
18 снежня ў Мінскім гарадскім судзе ў адкрытым судовым пасяджэнні пачаўся судовы працэс па абвінавачванні беларускіх аўтараў шэрагу расійскіх інфармацыйных рэсурсаў — дацэнта БДУІР Юрыя Паўлаўца, брэсцкага ахоўніка Дзмітрыя Алімкіна і галоўнага рэдактара часопіса «Новая эканоміка» Сяргея Шыпценкі. Усіх іх абвінавачваюць па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу — “Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці, здзейсненае групай асобаў”. Акрамя таго, Юрыю Паўлаўцу і Сяргею Шыпценку прад'яўленае абвінавачванне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 233 КК). Фігурантам справы пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Бок абароны абгрунтавана крытыкуе якасць прадастаўленых абвінавачваннем доказаў і спасылаецца на ажыццяўленне абвінавачанымі сваіх асноўных правоў, гарантаваных Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне правоў чалавека.
Раней, 1 лістапада 2017 года, ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт", Праваабарончы цэнтр "Вясна" і шэраг іншых арганізацый выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі ўлады Беларусі забяспечыць адкрытае судовае разбіральніцтва дадзенай крымінальнай справы ў адпаведнасці з прынцыпамі справядлівага судовага разбору, а таксама міжнародных стандартаў у галіне абароны свабоды слова і выказвання меркаванняў.
Пераслед журналістаў і СМІ
1 снежня суд Барысаўскага раёна разгледзеў справу аб адміністрацыйным правапарушэнні па ч. 1 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (“парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў”) у дачыненні да галоўнага рэдактара недзяржаўнай рэгіянальнай газеты «Барысаўскія навіны» Анатоля Букаса. Падставай для пераследу стала інфармацыя, апублікаваная ў газеце ў артыкуле "Раззлаваныя людзі выйдуць на плошчу". 20 лістапада Міністэрства інфармацыі вынесла пісьмовае папярэджанне рэдакцыі газеты «Барысаўскія навіны» аб парушэнні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».
Анатоль Букас сваю віну не прызнаў, паказаўшы, што не з'яўляецца суб'ектам правапарушэння ў адпаведнасці з нормай, прадугледжанай ч. 1 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (яе санкцыя прадугледжаная для ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў). Тым не менш, суд палічыў віну рэдактара ў здзяйсненні правапарушэння даказанай і прысудзіў яго да штрафу ў памеры 15 базавых велічынь.
14 снежня Міністэрства інфармацыі прыняло рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу belaruspartisan.org ("Беларускі партызан"), як паведаміла БелаПАН. Рашэнне прынята па выніках маніторынгу гэтага рэсурсу, які выявіў "сістэматычнае парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі".
Працягваецца ціск на журналістаў-фрылансераў. Любоў Лунёву і Дзмітрыя Краўчука ў судзе Савецкага раёна за стварэнне сюжэту для тэлеканала «Белсат» пакаралі штрафамі па 40 базавых велічынь (920 рублёў) кожнага. Суддзя Дзмітрый Елісеенка з Глыбокага аштрафаваў Дзмітрыя Лупача і Таццяну Смоткіну за рэпартажы, якія выйшлі на «Радыё Рацыя» і тэлеканале «Белсат».
Смяротнае пакаранне
Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Беларусі 20 снежня вынесла вызначэнне па апеляцыйных скаргах фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў» Ігара і Таццяны Гершанковых, Сямёна Беражнога і Барыса Калеснікава: прысуд Магілёўскага абласнога суда ад 21 ліпеня пакінуты ў сіле, а скаргі без задавальнення . У Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога, прыгавораных да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу, застаецца надзея на памілаванне ад імя прэзідэнта Беларусі.
Пасля рашэння Вярхоўнага Суда пакінуць у сіле прысуды асуджаным Еўрапейская служба знешніх сувязяў заклікала беларускія ўлады змяніць прысуд на не звязаны з пакараннем смерцю і ўвесці мараторый на гэты від пакарання.
Мясцовыя выбары
Праваабаронцы працягваюць назіранне за выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Дзень галасавання прызначаны на 18 лютага 2018 г.
4 снежня скончылася фарміраванне акруговых камісій; толькі ў 22 з 361 акруговай камісіі трапілі прадстаўнікі апазіцыйных партый.
Пачаўся збор подпісаў за вылучэнне кандыдатамі ў дэпутаты сябрамі зарэгістраваных ініцыятыўных групаў.
Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Снежань 2017