Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці 23 жніўня 2021 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай правааабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрымана інфармацыя аб наступных асобах, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і здзек над дзяржаўнымі сімваламі, а таксама выкарыстанне іншых дапушчальных формаў выказвання меркаванняў:
- Наталля Турава асуджаная судом Ленінскага раёна г. Брэста 18 жніўня 2021 года па ч. 1 арт. 368 КК за абразу прэзідэнта і па ч. 1 арт. 377 КК за пашкоджанне пратакола да аднаго года і аднаго месяца пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Юрый Серабро асуджаны судом Кастрычніцкага раёна г. Віцебска 13 жніўня 2021 года па ч. 1 арт. 368 КК за абразу прэзідэнта да аднаго года і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Аляксандр Ігнатовіч асуджаны 10 жніўня 2021 года судом Ленінскага раёна г. Магілёва паводле арт. 369 КК за абразу супрацоўніка АУС у каментарах у сетцы Інтэрнэт да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, змяшчаны ў ПУАТ;
- Юрый Вінічук асуджаны 9 чэрвеня 2021 года судом Брэсцкага раёна па арт. 368 КК за абразу прэзідэнта ў да аднаго з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Аляксандр Юніцкі асуджаны 11 чэрвеня 2021 года судом Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці паводле арт. 369 КК за абразу супрацоўніка АУС у каментарах у сетцы Інтэрнэт да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Сяргей Бурак асуджаны 7 чэрвеня 2021 года судом Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці паводле арт. 368 КК за абразу прэзідэнта і паводле арт. 370 КК за здзек над дзяржаўнымі сімваламі да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Уладзімір Шурубейка асуджаны 20 траўня 2021 года судом Маскоўскага раёна г. Берасця паводле арт. 369 КК за абразу за абразу супрацоўніка КДБ да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Сяргей Балахонаў асуджаны судом Кастрычніцкага раёна г. Віцебска 23 жніўня 2021 года па ч. 1 арт. 368 КК за абразу прэзідэнта да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Анатоль Сівец асуджаны 5 чэрвеня 2021 года судом Маскоўскага раёна г. Менска за нанясенне пратэстных надпісаў паводле арт. 339 КК да двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Наталлю Тураву, Юрыя Серабро, Аляксандра Ігнатовіча, Юрыя Вінічука, Аляксандра Юніцкага, Сяргея Бурака, Уладзіміра Шурубейку, Сяргея Балахонава, Анатоля Сіўца і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
"Прававая ініцыятыва";
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
Lawtrend;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
"Ідэнтычнасць і права";
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Крыніца: Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні дзевяці палітвязняў