Станіслаў і Ілля Косцевы. Фота: people.onliner.by 30 красавіка стала вядома пра памілаванне асуджаных да смяротнага пакарання родных братоў Станіслава і Іллі Косцевых. Але да гэтага часу іх родным не прыйшло афіцыйнага падцверджання змены пакарання з смяротнага пакарання на пажыццёвае зняволенне. Днямі сваякі Іллі і Станіслава сустрэліся з імі ў жодзінскай турме. Пра тое, як прайшла сустрэча і ў якіх умовах цяпер утрымліваюцца браты Косцевы, іх сястра Ганна распавяла каардынатару кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэю Палудзе.

Па словах сястры Ганны, Станіслаў і Ілля ў жодзінскай турме ўтрымліваюцца ў камеры паасобку, але з іншымі асуджанымі да пажыццёвага зняволення. Як адзначылі сваякі братоў, ні сястры, ні маці да гэтага часу не прыйшло афіцыйнага падцверджання пра памілаванне Станіслава і Іллі. Вядома толькі, што самі хлопцы падпісалі нейкую паперу і ўсё на гэтым.

"Прымяненне акта памілавання да братоў Косцевых яшчэ раз вельмі яскрава падкрэслівае адзін з аргументаў, які мы неаданаразова агучваем у межах нашай кампаніі: смяротнае пакаранне абсалютна не ўплывае ні на што, акрамя таго, што проста забірае жыццё чалавека. Вось прыклад дадзенага выпадка: памілавалі братоў Косцевых, пакінулі ім жыццё і свет не рухнуў. З упэўненасцю можна казаць, што гэта ніяк не паўплывала на злачынцаў у іх намеры здзяйсняць нешта супрацьзаконнае, і ніяк не паўплывала на колькасць новых цяжкіх злачынстваў у краіне. А людзі засталіся жыць, маюць магчымасць падумаць і ўсвядоміць тое, што яны здзейснілі", — каментуе сітуацыю Андрэй Палуда.

Родныя Іллі і Станіслава Косцевых выказалі падзяку праваабаронцам, журналістам, актывістам і ўсім неабыякавым людзям, якія змагаліся за захаванне жыцця братоў і якія не пакінулі іх сям’ю сам-насам у такой жыццёва-складанай сітуацыі. 

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда адзначыў, што ў практыцы кампаніі памілаванне асуджанных да смяротнага пакарання адбылося ўпершыню, таму праваабаронцы будуць працягваць сачыць за лёсам братоў Косцевых і цікавіцца аспектамі ажыццяўлення ў Беларусі такога пакарання як пажыццёвае зняволенне:

“Негледзячы на тое, што ў адносінах да братоў Косцевых, такі від пакарння як смяротнае адменены, мы ў межах нашай кампаніі працягваем сачыць за іх лёсам, падтрымліваць сувязь са сваякамі. Мы вельмі спадзяемся, што Стас і Ілля будуць мець час, сілы і жаданне ўсвядоміць тое, што яны здзейснілі і шчыра раскаіцца”.

Што змянілася ва ўмовах утрымання ў Косцевых?

Умовы ўтрымання ў братоў цяпер значна палепшыліся ў параўнанні з умовамі ў камеры для асуджанных да смяротнага пакарання ў СІЗА-1 на Валадарскага. Галоўнае, што цяпер яны не адчуваюць штодзённы эмацыйны ціск, што за імі могуць прыйсці ў любы момант і вывесці ў расстрэльны калідор.

Цяпер Косцевы маюць права на два чатырохгадзінных спатканні ў год, закупацца ў турэмнай краме на адну базавую (цяпер — 29 беларускіх рублёў) у месяц, атрымліваць перадачы да 50 кілаграмаў у год. Таксама яны маюць права на адзін тэлефонны званок сваякам адзін раз на паўгады. Пры гэтым, адміністрыцыя турмы распавяла, што зараз разглядаецца пытанне, каб тэлефанаванне адбывалася не па звычайным тэлефоне, а праз скайп з відэа.

Таксама Станіслаў і Ілля цяпер маюць права на штодзённы шпацыр працягласцю трыццаць хвілін. Раней у іх не было такога права – іх наогул не выводзілі на свежае паветра. Пры гэтым, як і раней, атрыманне адукацыі асуджанымі да пажыццёвага зняволення не ажыццяўляецца, але па заканадаўству ў турме павінны прадастаўляцца ўмовы для самаадукацыі.

Трэба адзначыць, што, як і асуджаныя да смяротнага пакарання, тыя, каго асудзілі да пажыццёвага зняволення, носяць вопратку спецыяльнага ўзору. На гэтай глебе амаль адаразу пасля вынясення смяротнага прысуду ў малодшага брата Косцевых Станіслава быў стрэс. У магілёўскай турме №4 ён адмаўляўся апранаць на сябе турэмную робу, на якой напісана «ИМН» — выключная мера пакарання. На практыцы ў Беларусі гэтую робу выдаюць прысуджаным да смяротнага пакарання яшчэ да таго, як прысуд уступіць у законную сілу.

"Стас зрывае турэмную робу, а яе прымусова апранаюць на яго. У яго рэальны стрэс з-за гэтага", — распавядала тады яго сястра Ганна.

"Наша дзяржава не дае шанцу выправіцца": сястра асуджаных да смяротнага пакарання з Чэрыкава

"Вясноўцы" з'ездзілі ў Чэрыкаў і пагаварылі з сястрой асуджаных да смяротнага пакарання Ганнай. Як смяротны прысуд стаў прысудам для ўсёй сям'і — чытайце ў нашым рэпартажы.

Хто такія браты Косцевы і як беларусы змагаліся за іх жыццё?

Ілля і Станіслаў – 20- і 22-гадовыя браты з Чэрыкава Магілёўскай вобласці. 10 студзеня 2020 года на выязным паседжанні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве суддзя Міхаіл Мельнікаў асудзіў іх да смяротнага пакаранне. Іх абвінавацілі ў абвінавацілі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседству, і падпале яе дома.

Еўрасаюз і Савет Еўропы асудзілі вынесеныя смяротныя прысуды і ў чарговы раз заклікалі ўлады Беларусі ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Міжнарожная праваабарончая арганізацыя Amnesty International запусціла акцыю тэрміновай дапамогі за захаванне жыцця братам Косцевым.

Родныя Косцевых запусцілі петыцыю аб памілаванні асуджаных і замене ім смяротнага пакарання пазбаўленнем волі або пажыццёвым зняволеннем. Вядомыя беларусы выступалі з заклікамі падпісаць петыцыю. У выніку, петыцыю падпісалі больш за 850 чалавек.

22 траўня калегія па крымінальных справаў Вярхоўнага суду разглядзела апеляцыйную скаргу Станіслава і Іллі Косцевых і пакінула прысуд абодвум без зменаў. Тады родныя асуджаных звярнуліся да прэзідэнта с просьбай аб памілаванні.

30 красавіка стала вядома, што Станіслава і Іллю памілавалі – ім змянялі пакаранне ў выглядзе смяротнага пакарання на пажыццёвае зняволенне. Сваякі дазналіся пра гэта, калі спрабавалі перадаць ім перадачу ў СІЗА-1. Аднак дзяжурны ў іх перадачу не прыняў і сказаў, што наконт асуджаных прыйшла папера аб памілаванні з адміністрацыі прэзідэнта.

Крыніца: "Ужо няма эмацыйнага ціску, што за імі могуць прыйсці і вывесці ў расстрэльны калідор". Родныя братоў Косцевых сустрэліся з імі пасля памілавання