Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар прававой трансфармацыі апублікавалі гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і прававы стан некамерцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2017 год.

У публікацыі адлюстраваныя асноўныя тэндэнцыі ў сферы прававога рэгулявання і праваўжывальнай практыкі ў дачыненні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку пытанні рэгістрацыі арганізацыяў, удзелу НКА у прыняцці палітычных рашэнняў (у тым ліку ў абмеркаванні зменаў заканадаўства), асобная ўвага надаецца праблеме забароны на дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў і павелічэнню паказчыкаў пераследу НКА (ператрусы, арышты актывістаў) у час уздыму грамадзкіх пратэстаў у першай палове 2017 году.

Асноўныя падзеі ў некамерцыйным сектары ў 2017 годзе аўтары агляду звязваюць з двума супярэчлівымі тэндэнцыямі, якія вызначалі логіку развіцця ўзаемадзеяння паміж структурамі грамадзянскай супольнасці і дзяржаўнай уладай.

З аднаго боку, у сферы прававога рэгулявання і выбудоўвання інстытуцыйных механізмаў супрацоўніцтва паміж дзяржавай і НКА меў месца працяг ранейшай тэндэнцыі паступовай адмовы ад канфрантацыйных фарматаў і пераходу да супрацоўніцтва, у тым ліку ў напрамку ўдасканалення заканадаўства. У адпаведным раздзеле дакументу робіцца агляд наяўных механізмаў узаемадзеяння дзяржавы і грамадзянскай супольнасці, у тым ліку ў накірунку абмеркавання планаў дзейнасці па рэалізацыі задачаў у галіне правоў чалавека. Аўтары канстатуюць абмежаванасць наяўных фарматаў узаемадзеяння, дзе роля НКА зводзіцца да эпізадычнага, пасіўнага і фармальнага ўдзелу у мерапрыемствах, што не дае грамадзянскай супольнасці магчымасці эфектыўнага далучэння да дзейнасці.

З іншага боку, павелічэнне ў пачатку 2017 года пратэстнай актыўнасці ў грамадстве ў сувязі з сацыяльна-эканамічнай палітыкай уладаў абумовіла вяртанне самых горшых абмежавальных і рэпрэсіўных практык, якія ў першую чаргу ўдарылі па тых структурах грамадзянскай супольнасці, якія мелі дачыненне да арганізацыі пратэстаў.

"У цэлым выпадкі палітычных рэпрэсіяў і абмежаванняў дзейнасці НКА, ператрусаў, арыштаў удзельнікаў мірных акцый і інспіраваныя ўладамі палітычна матываваныя крымінальныя справы сведчаць пра пагаршэнне становішча структураў грамадзянскай супольнасці ў 2017 годзе ў параўнанні з пэрыядам 2014-2016 гадоў", – сцвярджаецца ў аглядзе.

Рэпрэсіўная актыўнасьць уладаў паўплывала негатыўна на атмасфэру ўзаемадзеяння дзяржавы з грамадзянскай супольнасцю, аднак у цэлым не прыпыніла спробаў грамадскага дыялогу па шматлікіх важных пытаннях, у тым ліку што тычацца становішча з правамі чалавека. І хоць вобласць прымянення негатыўных практык супраць структураў грамадзянскай супольнасьці не была лакалізаваная задачай падаўлення пратэстнай актыўнасці, не адбылося распаўсюджвання найбольш жорсткіх формаў рэпрэсіяў і санкцый на іншыя вобласьці ўзаемадзеяньня дзяржавы і грамадзянскай супольнасці.

Гадавыя агляды свабоды асацыяцыяў і прававога стану НКА ў Беларусі публікуюцца Асамблеяй НДА ад 2007 году.

Дакумэнты папярэдніх гадоў:

Агляд за 2016 год

Агляд за 2015 год

Агляд за 2014 год

Агляд за 2013 год

Агляд за 2012 год

Агляд за 2011 год

Файлы

Крыніца: Апублікаваны агляд свабоды асацыяцыяў за 2017 год