21 снежня ў Мінску адбылося ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці”, якую ўжо ў дзевяты раз праводзіла Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый.
Сёлетні шорт-ліст склаўся з 118 прапаноў у 9 намінацыях.
У намінацыі “Лідэр/лідэрка года” перамог Сяргей Драздоўскі, каардынатар Офісу па правах людзей з інваліднасцю, лідэр кампаніі “Павестка 50”, накіраванай на распаўсюд у малых гарадах інфармацыі пра ратыфікаваную Беларуссю Канвенцыю па правах людзей з інваліднасцю. Узнагароджваў пераможцу старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” і сябра Рады Асамблеі НДА Алесь Бяляцкі.
Прэмію Асамблеі ў намінацыі “Новая ініцыятыва” атрымалі адразу два намінанты - Грамадскі рух “Дзея” і віцебская ініцыятыва Хайсы.
У намінацыі “Крэатыў года” перамагло мерапрыемства “Ноч расстраляных паэтаў”, якое адбылося з 29 на 30 кастрычніка ў Курапатах, у гадавіну ночы, калі НКВД расстраляла цэлую групу выбітных беларускіх літэратараў. Прэмію атрымалі арганізатары мерапрыемства, грамадская актывістка Наста Дашкевіч і паэт Уладзімір Някляеў.
У намінацыі “Партнёрства года” лепшай прызналі ініцыятыву “Беларускія ўікэнды”, якая паспяхова ладзіць кінапаказы на беларускай мове. А самай знакавай рэгіянальнай падзеяй сталі “маршы недармаедаў” супраць Дэкрэта №3, якія адбыліся гэтай вясной у розных гарадах Беларусі.
У намінацыі “Мэдыя/журналіст года/журналістка года” пераможцам стаў гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч, які актыўна асвятляў падзеі пратэстнай вясны. Лепшымі ў намінацыі “Мэдыяактыўнасць года” сталі сацыяльныя сеткі пошукава-выратавальнага атраду “Анёл”.
У намінацыі “Кампанія года” прыз атрымалі ініцыятары грамадскай кампаніі ў абарону Курапат, вынікам якой стала спыненне будаўніцтва будынку ля месца масавых расстрэлаў.
Не абыйшлося і без антыпрэміі “Гарбуз года”, якая ўручаецца інстытутам і дзяржаўным органам, якія заміналі працы беларускіх НДА. У гэтым годзе яе заслужана атрымаў Камітэт дзяржаўнай бяспекі за распачатаю ім справу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (справа “Белага легіёну”).
Прэмія “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці” адзначае найбольш значныя і яскравыя падзеі ў жыцці трэцяга сэктару. 23 снежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджання найбольш выбітных грамадскіх ініцыятыў ды кампаній. Прэмія заснаваная Асамблеяй НДА. Пераможцаў абірае журы, у якое ўваходзяць сябры Рабочай групы, грамадзкія лідэры і экспэрты, пераможцы прэміі мінулых гадоў, журналісты.
Крыніца: У Мінску ўзнагародзілі Чэмпіёнаў грамадзянскай супольнасці 2017 года