Праваабаронца Наста Лойка звярнулася ў Пракуратуру Горацкага раёна з просьбай прыняць меры пракурорскага рэагавання да службовых асобаў папраўчай калоніі №9 па забеспячэнню і ліквідацыі пагроз асабістай бяспекі палітвязня Міхаіла Жамчужнага.
Наста Лойка звяртае ўвагу на той факт, што ў дачыненні да вязня па калоніі былі распаўсюджаныя непраўдзівыя звесткі пра яго “нізкі статус”, у сувязі з чым яму сталі паступаць пагрозы з боку іншых асуджаных. У выніку зваротаў да адміністрацыі калоніі замест гарантавання мераў бяспекі, яго сталі садзіць у ШІЗА, і на дадзены момант вядома пра 14 бесперапынных арыштаў.
“Наяўнасць у асуджанага права на асабістую бяспеку абавязвае начальніка ўстановы па заяве асуджанага або па ўласнай ініцыятыве прыняць рашэнне аб пераводзе яго ў бяспечнае месца або іншых мерах, якія ліквідуюць пагрозу асабістай бяспекі асуджанага.
Змяшчэнне ў ШІЗА нельга расцэньваць як перавод у бяспечнае месца у сувязі з тым, што ў гэтым выпадку на асобу накладаюцца істотныя абмежаванні. Да таго ж кожнае змяшчэнне ў ШІЗА афармляецца дысцыплінарным правапарушэннем як “адмова ісці ў атрад”, у выніку чаго Міхаіл Жамчужны можа быць пераведзены ў ПКТ, надалей – на турэмны рэжым, а таксама можа быць заведзеная дадатковая крымінальная справа”, - адзначае ў сваёй скарзе Наста Лойка.
На дадзены момант устаноўлена, што асуджаны Міхаіл Жамчужны на імя начальніка калоніі неаднаразова падаваў заяву с просьбай аб прыняцці мер па забеспячэнню яго асабістай бяспекі, аднак кіраўніцтвам установы ніякіх дзеянняў пра пераводзе асуджанага ў бяспечнае месца прадпрынята не было.
“У выніку неналежнага выканання Адміністрацыяй установы ўскадзеных на яе абавязкаў па абароне гарантаваных дзяржавай прапаноў і законных інтарэсаў асуджаных парушаецца прынцып законнасці, а таксама права на бяспеку, у сілу чаго ў Міхаіла Жамчужнага ёсць падставы баяцца за свой далейшы лёс, жыццё, здароўе і асабістую бяспеку”, - падкрэслівае праваабаронца і просіць пракуратуру Горацкага раёна прыняць меры пракурорскага рэагавання.
Акрамя таго, вядома, што на дадзены момант пададзеная касацыйная скарга на рашэнне суда Горацкага раёна, які не задаволіў скаргу палітвязня на першае вынесенная спагнанне адміністрацыяй калоніі.
А таксама ў Дэпартамент выканання пакаранняў Магілёўскай вобласці накіраваныя скаргі яшчэ на тры спагнанні, якія былі вынесеныя ў жніўні гэтага года і складалі памяшчэнне ў ШІЗА на 7, 10 і 7 сутак.
Нагадаем, спагнанні адміністрацыя калоніі ў Горках пачала выносіць Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”. У сваіх тлумачальных, якія палітвязень прадстаўляе падчас атрымання спагнанняў, ён указвае на сапраўдныя прычыны адмоваў “следаваць у атрад” і патрабуе пераводу яго ў бяспечнае месца. Вядома, што на заявы Міхаіла Жамчужнага аб змяшчэнні ў бяспечнае месца адміністрацыя па-ранейшаму не рэагуе.
Крыніца: Праваабаронца просіць пракуратуру гарантаваць бяспеку Міхаілу Жамчужнаму