Антось Вусовіч. Фота: Нашай Нівы". Падобна, што супрацоўнкі міліцыі вырашылі прыкласці максімум намаганняў, каб устанавіць усіх удзельнікаў акцыі пратэсту "Марш абураных беларусаў–2”, што адбылася ў Мінску 21 кастрычніка, ды накіраваць іх справы ў суды.

Пратакол адміністратыўнага правапарушэння быў складзены і на мінскага пенсіянера Антося Вусовіча, былога выкладчыка ліцэю, які браў удзел у акцыі. Аднак калі дакументы патрапілі ў суд, высветлілася, што імя і прозвішча ў пратаколе ўказаныя недакладныя і суддзя прыняла рашэнне вярнуць пратакол на дапрацоўку ў РУУС Заводскага раёна Мінска. Там разабраліся ў сваёй памылцы і хуценька “зварганілі” новыя паперы, і даслалі пенсіянеру па пошце новы пратакол, які суд разгледзеў 14 снежня.

Вырак прадказальны: “Быў, удзельнічаў, парушаў..”

Суддзя суду Заводскага раёна Алена Кунцэвіч вынесла пастанову аб прыцягненні Вусовіча да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне арт. 23.34 КаАП ў выглядзе штрафу ў памеры 4 базавыя велічыні.

78-мі гадовы пенсіянер некалькі год намагаўся правільнага беларускага напісання ў пашпарце свайго імя і прозвішча. У 2016 годзе яму выдалі новы пашпарт, у якім старыя дазеныя – Антон Усовіч – былі выпраўленыя на Антось Вусовіч. Гэтая акалічнасць і стала прычынай блытаніны ў міліцэйскіх дакументах.

Тым не меней, праваабаронцы адзначаюць, што на прыкладзе акцыі 21 кастрычніка сілавыя структуры апрабуюць новыя падыходы: знайсці і індэнтыфікаваць максімальную колькасць удзельнікаў акцыі пратэсту з выкарыстаннем інтэрнэту, сацыяльных сетак і ідэнтыфікацыі па фота.

Літаральна ўчора “Вясна” паведамляла аб тым, што 7 снежня ў Гомелі суддзі судоў Савецкага раёна Віталь Каўбеня і Чыгуначнага Андрэй Хлышчэнка правялі завочныя адміністрацыйныя працэсы, падчас якіх прыцягнулі да адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў актывістаў Вадзіма Васільева і Яўгена Маркаўца за іх удзел 21 кастрычніка ў мітынгу пратэсту ў Мінску

На сёння, праваабаронцам вядомыя каля 30-ці ўдзельнікаў “Марша абураных беларусаў-2.0”, якіх пакаралі штрафамі.

Крыніца: Суд аштрафаваў легендарнага Антося Вусовіча, які некалі дамогся змены свайго прозвішча