Аляксей Скрыпнік аштрафаваны за прысутнасць на Кастрычніцкай плошчы падчас мірнай акцыі пратэсту 21 кастрычніка.

Суд Заводскага раёна г. Мінска разгледзеў адміністрацыйную справу ў адносінах да маладога чалавека на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП - «Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» 11 снежня.

У зале суда Аляксей Скрыпнік сваю віну ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння не прызнаў, але патлумачыў, што сапраўды знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы ў паказаны судом час, дзе камунікаваў са сваімі знаёмымі.

Аднак, суддзя Алена Капцэвіч палічыла віну хлопца даказанай на падставе яго тлумачэнняў пра знаходжанне на плошчы сярод пратэстоўцаў, а таксама паказанняў службовай асобы, якая вядзе адміністрацыйны працэс Іванова М.; рапарту намесніка начальніка УАПП ГУУС Мінгарвыканкама Лужынскага Н., дзе пазначана, што 21 кастрычніка з 13.30 да 14.00 на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску сабралося каля 80 чалавек, якія разгарнулі чатыры бел-чырвона-белыя сцягі, плакаты з надпісамі; фотаздымкаў, з якіх ўгледжваецца знаходжанне Аляксея Скрыпніка сярод тых, хто сабраўся. Допыту сведак у судзе не было.

Тым не менш, суд вызначыў пакаранне для маладога чалавека ў выглядзе штрафу ў пяць базавых велічынь – 115 беларускіх рублёў.

Юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка лічыць, што рашэнне аб прыцягненні Аляксея Скрыпніка да адказнасці, прынятае на падставе па сутнасці толькі адной фатаграфіі, з'яўляецца дастаткова спрэчным.

«Сумневы ў абгрунтаванасці такога рашэння выкліканыя тым, што ў суд не выклікаліся і не былі апытаныя сведкі. Таксама судом пры прыняцці рашэння не быў супастаўлены час, калі чалавек знаходзіўся на месцы правядзення сходу, і час, калі праводзіўся сам сход. Некарэктнай з'яўляецца і сама фармулёўка суда аб тым, што чалавек «выказваў свае грамадска-палітычныя погляды, чым парушыў палажэнне закона аб масавых мерапрыемствах», паколькі з яе нельга зрабіць выснову аб тым, што ж канкрэтна супрацьпраўнага зрабіў чалавек.

У такіх выпадках ПЦ "Вясна" дапамагае тым, хто звярнуўся, абскардзіць такія пастановы аж да Вярхоўнага суда, імкнучыся данесці да кіраўніцтва судовай сістэмы неабходнасць выканання стандартаў справядлівага судовага разбору і прытрымлівацца каштоўнасці правоў чалавека», - адзначае юрыст.

Крыніца: Фатаграфіі прысутнасці на мітынгу сталі доказам віны ў судзе