24 чэрвеня ў Гомелі пачаўся суд над палітзняволенымі Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам, Мікалаем Статкевічам, Уладзімірам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзмітрыем Паповым. Гэта ключавы суд па "справе Ціханоўскага". Працэс закрыты і праходзіць у будынку СІЗА, але пры гэтым на судзе прысутнічаюць дзяржаўныя прапагандысты. Адвакаты палітвязняў знаходзяцца пад падпіскамі аб неразгалошванні, таму яны не могуць распавесці абставіны справы і пра ход працэсу. Пакуль невядома, хто вядзе працэс па гэтай справе. Палітвязняў абвінавачваюць  у арганізацыі "масавых беспарадкаў" у Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзення прэзідэнцкіх выбараў у 2020-м. Усіх затрымалі яшчэ да выбараў.  Па адной крымінальнай справе праходзяць палітык Статкевіч, палітык і блогер Ціханоўскі, блогер Цыгановіч, адміністратар тэлеграм-канала Лосік, сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Сакаў, мадэратар сацыяльных сетак праекта Ціханоўскага Папоў.

Суд па
Суд па "справе Ціханоўскага" 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА

"Згаварыліся зладзіць "масавыя беспарадкі" ў краіне". У чым абвінавачваюць палітвязняў?

Па версіі абвінавачвання, у 2019 годзе абвінавачаныя згаварыліся зладзіць "масавыя беспарадкі" ў краіне, стварылі для гэтага блогерскую "сетку", з дапамогай якой распальвалі варожасць і заклікалі да гвалту над сілавікамі і чыноўнікамі. Ціханоўскі асабіста ездзіў па гарадах і "вербаваў" людзей, выкарыстоўваючы для гэтага і свой канал "Страна для жизни".

Сяргею Ціханоўскаму, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову выставілі абвінавачванні адразу па 4-х артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці);
  • ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК);
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Ігару Лосіку і Уладзіміру Цыгановічу выставілі наступныя абвінавачванні:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў);
  • ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці).

Мікалая Статкевіча судзяць па ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў).

Суд па
Суд па "справе Ціханоўскага" 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА

Генеральная пракуратура выставіла пазоў да абвінавачаных у памеры 3,078 млн рублёў (1,2 млн долараў).

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: У гомельскім СІЗА праходзіць суд па "справе Ціханоўскага": судзяць шэсць палітвязняў Дапоўнена