Магілёўскія праваабаронцы адзначылі Дзень правоў чалавека сумесным выступам у грамадскім цэнтры «Кола». Прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэта, Магілёўскага праваабарончага цэнтра, ПЦ«Вясна», незалежнага прафсаюза РЭП і цэнтра па абароне правоў дзяцей распавялі, чым жыла праваабарончая супольнасць горада ў 2017 годзе. Прапануем рэпартаж ад mspring.online.
Член праўлення БХК і дырэктар МПЦ Уладзімір Краўчанка распавёў пра канцэпцыю правоў чалавека і тую спадчыну, якую пакінуў пасля сябе Савецкі Саюз.
– Некалькі гадоў таму я пацікавіўся ў пракурора, якую сілу мае Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. У адказ пачуў – рэкамендацыйны. На жаль, першая праблема, з якой сутыкаюцца праваабаронцы – адсутнасць разумення, што такое правы чалавека. Як сярод грамадзян, так і сярод і чыноўнікаў, – вызначыў праблему Краўчанка.
Кіраўнік магілёўскага аддзялення ПЦ “Вясна” Аляксей Колчын распавёў пра адміністрацыйны пераслед актывістаў з боку дзяржавы, палітвязняў і грамадскую прыёмную цэнтра. Праваабаронца Барыс Бухель звярнуў увагу на залежнасць судоў ад выканаўчай улады і папярэдзіў прысутных аб тым, што ў справах з палітычным падтэкстам апраўдальнага вэрдыкту чакаць не выпадае:
– У нас ёсць прыклад палітыкаў Алега Аксёнава, Уладзіміра Шанцава, журналістаў Уладзіміра Лапцэвіча і Аліны Скрэбуновай, актывіста Станіслава Паўлінковіча, калі суды адкрыта парушалі закон аб нарматыўна прававых актах і прымалі рашэнне, выгаднае беларускім уладам. На жаль, мы не можам казаць пра незалежнасць судоў хоць бы таму, што кожнага з суддзяў нават раённага суда прызначае прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Гэта азначае поўную залежнасць ад выканаўчай улады, – сказаў Бухель.
Ягоную думку падтрымаў мадэратар мерапрыемства і журналіст mspring.online Аляксандр Буракоў:
– У 2017 годзе мы мелі справу адразу з трыма адміністрацыйнымі рашэннямі судоў наконт журналістаў. Карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі «БелаПАН» Уладзіміра Лапцэвіча пакаралі штрафам у 1045 рублёў за тое, што ён паслаў сем лістоў у рэдакцыю часопіса беларусаў Беластока «Ніва». Аліну Скрэбунову пакаралі двума штрафамі за сюжэты пра прытул для бяздомных жывёл, «Дранікі-фэст» і кафэ «Шпаркі лось». Улады адмыслова дэманструюць, што яны прыцягваюць да адказнасці па непалітычных тэмах. Аднак караюць выключна незалежных журналістаў, – распавёў Буракоў.
Інспектар незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксандр Хамратаў распавёў пра важнасць калектыўнай дамовы з наймальнікам і тарыфнай сеткі, а таксама салідарнасці:
– У гэты годзе нам удалося адстаяць правы жанчыны, якая страціла руку на вытворчасці і дамагчыся для яе зарплаты за пяць гадоў. Але для гэтага спатрэбілася яе жаданне і намаганні. Мне здаецца, што калі б праваабаронцы і тыя, хто ім спачуваюць, накіравалі свае намаганні па адным вектару, нам удалося б дамагчыся ўзрушаючых вынікаў, – сказаў Хамратаў.
Аб абароне правоў непаўналетніх распавяла прадстаўнік цэнтра па абароне правоў дзяцей Наталля Шкадун:
– Я крыху прывучыла раённыя ўлады вывучаць кодэксы і законы, але працы ўсё роўна шмат. Адным з дасягненняў лічу тое, што нам удалося прымусіць магілёўскі радзільню вылучыць асобныя пакоі для пераапранання для парадзіх. Да гэтага ўсе проста збіраліся ў памяшканні, падобным на памяшканне «Колы» і пераапраналіся пры старонніх. Трэба не баяцца біцца за свае правы. Гэта дапамагае жыць.
Спецыяльны госць Дня правоў чалавека Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі прэзентаваў адразу дзве навінкі – коміксы супраць смяротнага пакарання і выставу “Кожны мае права ведаць свае правы»:
– Выстава мае міжнародны маштаб, да гэтага падобныя стэнды выстаўляліся ва Украіне і ў Грузіі. У Беларусі мы вырашылі прадставіць іх у Магілёве, паколькі нам спадабалася ідэя Тыдня правоў чалавека. Яна падрыхтавана сукупным намаганнямі сеткі Дамоў правоў чалавека, ПЦ “Вясна”, украінскай арганізацыі МАРТ і іншымі нашымі сябрамі, – распавёў Андрэй Палуда. Пра працэс стварэння выставы распавяла сцэнарыст і праваабаронца Паліна Сцепаненка. Экскурсію па стэндах правялі валанцёры праваабарончага цэнтру “Вясна” Юры Мяцельскі і Сяргей Тустаў.
Выстава будзе дзейнічаць да 14 снежня. Замовіць экскурсію па ей можна праз vk.com/mspring.online, fb.com/mspring.online і Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..