7 снежня ў “Кнігарні Ў” заснавальнікі прэміі Беларускі Пэн-цэнтр і Радыя Свабода назвалі пераможцаў 2017 года. Па словах дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука на конкурс было прадстаўлена больш за дзесятак твораў, аднак далёка не ўсе яны будуць узнагароджаныя і нават згаданыя.
У лік пераможцаў конкурсу турэмнай літаратуры патрапілі Мікола Дзядок з кнігай «Фарбы паралельнага сьвету», Дзмітрый Дрозд з кнігай «Бунт Батанікаў», Андрэй Саннікаў з кнігай «Мая гісторыя» і Леанід Пятрэнка з паэтычнай кнігай «Камерныя сны».
Кніга «Бунт Батанікаў» Дзмітрыя Дразда стала першай дакументальнай кнігай у новай серыі "Беларуская турэмная літаратура", якую запачаткавалі праваабаронцы “Вясны”. Вядомы літаратар, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, які вёў рэй на вечарыне, з жалем адзначыў, што вядома, хацелася б, каб турэмная тэма ў літаратуры страціла актуальнасць. Але гэтага, на жаль, не здарылася.
- дзін з лаўрэатаў прэміі Леанід Пятрэнка зараз за кратамі. Ягоную кнігу «Камерныя сны» прадстаўляе мастак Уладзімір Цэслер .
Асобна за творчае развіццё ідэалаў літаратурнага конкурсу і мя Францішка Аляхновіча быў уганараваны старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі за дыпціх кніг-альбомаў салідарнасці. Праваабаронца станавіўся лаўрэатам прэміі Аляхновіча ў 2014 годзе за кнігу «Іртутнае срэбра жыцця».
Аўтар першай кнігі «Альбом салідарнасці», выдадзенай праваабарончым цэнтрам «Вясна» і шведскай праваабарончай арганізацыяй Östgruppen, Ірына Пракопчык распавяла пра ідэю і гісторыю стварэння альбома і прачытала ўрывак з твора.
Другую частку – тэксты, якія Бяляцкі напісаў пад час зняволення ў Бабруйскай калоніі – пад назвай «Лісты салідарнасці» прадставіў Сяргей Сыс, паколькі сам аўтар не змог прысутнічаць на імпрэзе.
- Прэмію Алесю Бяляцкаму "За творчае развіццё ідэалаў літаратурнага конкурсу" атрымліваюць Ірына Пракопчык і Сяргей Сыс.
У 2013 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр сумесна з Радыё Свабода заснаваў прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. Першым лаўрэатам прэміі літаратурна-праваабарончай прэміі стаў былы палітвязень Ігар Аліневіч з кнігай "Еду в Магадан". У 2014 годзе прэмію атрымалі шэсць пісьменнікаў — Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Фелікс Пекер, Павел Севярынец, Аляксандр Фядута і Ірына Халіп.
Прэмія імя Францішка Аляхновіча прысуджаецца за найлепшыя творы аўтарам, якія былі зняволеныя. Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісу, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу года.
Крыніца: Названыя лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча Фота