Валанцёры штабу Віктара Бабарыкі ў судзе Маскоўскага раёну: Дзмітрый Канапелька, Ігар Ярмолаў, Уладзіслаў Карэцкі, Мікалай Сасеў. Фота Белсат 25 траўня ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да валанцёраў штаба Бабарыкі, палітвязняў Ігара Ярмолава, Уладзіслава Карэцкага, Мікалая Сасева і Дзмітрыя Канапелькі. Усіх іх абвінавачваюць у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК).

Справу вядзе суддзя Святлана Бандарэнка, бок дзяржабвінавачання прадстаўляе Раман Бізюк.

"Мусара – гэта нешта непатрэбнае. І гэта людзі, якія заслугоўваюць такога абазначэння". Суд вывучыў матэрыялы па справе валанцёраў штаба Бабарыкі

рэцяе пасяджэнне запар суд вывучае пісьмовыя матэрыялы – 10 тамоў – і рэчавыя доказы па справе. Сярод апошніх – кепкі, заплечнікі, пальчаткі, маска з тканіны, канфіскаваныя ў Ярмолава накаленнікі і накладкі на галёнкі для спартыўных трэніровак, шэсць лазерных указак, тэлефоны, ключы ад машыны і камп'ютарная тэхніка. Ні "вожыкаў", ні сталярных малаткоў, пра якія ішла гаворка ў судзе, у рэчдоках няма.

Спачатку ў працэсе быў заяўлены шэраг хадайніцтваў як пракурорам, так і бокам абароны.

Так, Раман Бізюк прасіў далучыць да матэрыялаў справы раздрукоўкі артыкула з навуковага сайта science.by, дзе прыводзяцца даследаванні розных відаў лазераў, іх кваліфікацыя, каб суд мог даць ацэнку характару ўздзеяння прамянёў лазерных указак на органы зроку чалавека. Абарона пярэчыла супраць такога хадайніцтва, але суд вырашыў далучыць артыкул да матэрыялаў крымінальнай справы.

Таксама пракурор прасіў далучыць і раздрукоўкі скрыншота публікацыі з тэлеграм-канала "Дружыны народнай самаабароны", дзе абмяркоўваліся лазерныя ўказкі, а таксама было размешчана фота ўказак, ідэнтычных тым, што маюцца ў рэчыўных доказах.

lazery_scrin.jpg
Скрыншот публікацыі з тэлеграм-канала "Дружыны народнай самаабароны"

Дадзены пост быў размешчаны ў тэлеграм-канале 23 красавіка 2021 года, аднак пракурор сказаў, што не валодае інфармацыяй пра дату размяшчэння такой інфармацыі.

Ігар Ярмолаў растлумачыў, што адзіным месцам, дзе ён бачыў інфармацыю аб лазерных указках, быў відэаролік. Усе абвінавачаныя сказалі, што не ведалі пра існаванне такога тэлеграм-канала, а адвакаты выступілі супраць далучэння заяўленай публікацыі да матэрыялаў справы. Аднак суд задаволіў хадайніцтва.

Акрамя таго, пракурор прасіў далучыць копію дыска з запісамі тэлефонных размоў Уладзіслава Карэцкага, бо папярэдні дыск быў сапсаваны пры прашыўцы матэрыялаў справы. Суд далучыў дыск.

Абарона Ярмолава хадайнічала аб аглядзе сталярных малаткоў на свае вочы, якія былі набытыя раней адвакатам. Аднак на думку пракурора дастаткова таго, што малаткі фігуруюць на відэазапісах, і суду будзе хапаць такой інфармацыі, каб вынесці ацэнку. Суд палічыў, што малаткі не з'яўляюцца рэчавым доказам, не выкарыстоўваліся абвінавачанымі, і адхіліў хадайніцтва.

У суд прасілі выклікаць Сяргея Капанца, які быў сведкам таго, як Юрый Васкрасенскі прасіў купіць лазерныя ўказкі. Зараз Капанец знаходзіцца ў СІЗА-1, а Васкрасенскі так і не з'явіўся для допыту ў суд. Пракурор выступіў супраць, а суд адхіліў такое хадайніцтва.

Сведка Юрый Васкрасенскі ўжо двойчы не з'явіўся ў суд па справе валанцёраў штаба Бабарыка

У судзе Маскоўскага раёна працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да валанцёраў штаба Віктара Бабарыка, палітвязняў Дзмітрыя Канапелькі, Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева і Уладзіслава Карэцкага.

Далей заявіў хадайніцтва Мікалай Сасеў аб запрашэнні эксперта-псіхолага для адэкватнага фармулявання пытанняў, а таксама аб прызначэнні псіхалагічнай экспертызы з мэтай даследавання яго на схільнасць да тых дзеянняў, што ставяцца ў віну. Суд адхіліў гэтыя хадайніцтвы.

У судовым пасяджэнні заслухалі тэлефонныя размовы Уладзіслава Карэцкага з далучанага да матэрыялаў справы дыска. У адной з размоў ад 12 жніўня абвінавачаны кажа суразмоўцы, што "баевікі ў Мінску", "гэта генацыд", "АМАП паедзе дадому і іх там будуць чакаць марадзёры" і "цяпер ім зладзяць выразанне, пры чым канкрэтнае – кожны дзень будуць па 20-30 амапаўцам выразаць, людзі ведаюць, дзе яны жывуць, з кім яны жывуць". Таксама Карэцкі казаў, што будзе "святкаваць кожную смерць амапаўца, кожную смерць мянта", таму што "тое, што яны зрабілі, дараваць нельга, і яны абавязаны быць пакаранымі: яны занадта многіх людзей пакалечылі і людзі ім гэтага не даруюць". Таксама ён адзначае, што супрацоўнікі сілавых органаў - "ворагі народа", "яны не за Беларусь, а супраць", "ракавая пухліна на Беларусі".

Уладзіслаў Карэцкі пракаментаваў суду, што назіраў 9-11 жніўня жорсткасць з боку сілавікоў, сам збіраўся аказваць дапамогу пацярпелым. 12 жніўня прачытаў навіну пра тое, што АМАП разбіў машыну, унутры якой знаходзілася дзіця, быў вельмі злы і на эмоцыях. Падкрэслівае, што нічога рабіць сам не збіраўся, пераказваў размовы іншых людзей, нікога да такіх дзеянняў не заклікаў.

Акрамя таго, абвінавачаны ў СІЗА КДБ напісаў заяву, у якой указваў, што "сам ўказкі не раздаваў, насіў іх у заплечніку, раздаваў ўказкі Ярмолаў Ігар". Карэцкі растлумачыў, што на яго аказваўся моцны ціск, калі ён пісаў заяву, некаторыя фразы ён запісваў пад дыктоўку: кожнае слова альбо дазвалялі пісаць, альбо забаранялі – маглі быць наступствы. У момант напісання заявы абаронцы ў СІЗА не было.

Пасля гэтага суд перайшоў да спрэчкі бакоў.

Падчас выступу пракурор Раман Бізюк адзначыў, што абвінавачаныя, "усведамляючы супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў, дзейнічаючы ўзгоднена і сумесна групай асобаў, з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, наўмысна здзейснілі паводле матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці дзеянні, накіраваныя на іншае матэрыяльнае забеспячэння дзейнасці асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супраціве прадстаўнікам улады".

У прыватнасці, на думку абвінавачвання, палітвязні распрацавалі тактыку паслядоўнасці дзеянняў для здзяйснення злачынства: вывучылі спосабы злачыннай дзейнасці, спосабы ўхілення ад пераследу і затрымання, шукалі саўдзельнікаў і дамаўляліся паміж сабой, шукалі прылады здзяйснення злачынства і магчымасці распаўсюджвання іх іншым асобам, якія ўдзельнічаюць у масавых беспарадках.

Віна пацвярджаецца паказаннямі саміх абвінавачаных: знаходзіліся ў офісе, збіралі ўказкі, абмяркоўвалі сумесныя дзеянні, у тым ліку спосабы канспірацыі і процідзеяння супрацоўнікам міліцыі з выкарыстаннем лазерных указак, піратэхнічных вырабаў, а таксама пазбаўляліся ад упаковак ад указак і ад саміх указак, калі Ярмолаў, баючыся крымінальнага пераследу, перадаў іх на захоўванне знаёмаму.

Таксама віна пацвярджаецца паказаннямі сведак, у тым ліку маці Ярмолава, Сяргея Лаўрыненкі і іншых, пісьмовымі паказаннямі Юрыя Васкрасенскага.

Што тычыцца паказанняў эксперта, то дзяржабвінаваўца лічыць, што сведчанні урача-афтальмолага шпіталя МУС Інэсы Вайцяховіч па характары і ступені ўздзеяння лазера на арганізм чалавека не адпавядаюць паказанням судова-медыцынскага эксперта, заключэнню НАН. Мяркуе, што яе паказанні маглі быць адкарэктаваныя, у тым ліку з прычыны ўнутраных перакананняў.

"У сваёй прафесійнай дзейнасці я засветы раблю пастаянна". Пра што распавяла ўрач-афтальмолаг у судзе па справе аб лазерных указках?

5 траўня ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска па крымінальнай справе палітвязняў Ігара Ярмолава, Мікалая Сасева, Уладзіслава Карэцкага і Дзмітрыя Канапелькі выступіла сведка – урач-афтальмолаг шпіталя МУС Інэса Вайцяховіч, якая распавяла, як лазерныя прамяні могуць уздзейнічаць на вочы.

Відэазапісы з офіса, тэлефонныя размовы і іншыя пісьмовыя матэрыялы па справе таксама пацвярджаюць віну палітвязняў.

Змякчальная акалічнасць – наяўнасць у Дзмітрыя Канапелькі малалетняга дзіцяці. Абцяжваючыя акалічнасці - здзяйсненне злачынства групай асоб, а таксама па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці.

Пракурор прасіў прызнаць Ігара Ярмолава, Уладзіслава Карэцкага, Мікалая Сасева і Дзмітрыя Канапельку вінаватымі, прызначыць ім на падставе ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 гадоў, а па ч. 3 арт. 293 КК - у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады. На падставе ч. 1 арт. 71 КК - шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, канчаткова прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 5 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Таксама канфіскаваць у даход дзяржавы аўтамабіль КІА Рыа, бо на думку дзяржабвінаваўцы Ярмолаў з'яўляўся фактычным уладальнікам транспартнага сродку, нягледзячы на тое, што аўтамабіль быў аформлены на маці абвінавачанага.

Пасля перапынку выступілі адвакаты палітвязняў.

Інфармацыя будзе дапоўненая

Ігар Ярмолаў, Мікалай Сасеў, Уладзіслаў Карэцкі і Дзмітрый Канапелька былі прызнаныя палітзняволенымі. Падтрымаць іх паштоўкамі і лістамі можна па адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" з дапамогай валанцёраў адсочвае гэты судовы працэс

Крыніца: У судзе па справе аб "лазерных указках" прайшлі спрэчкі бакоў