Суд Маскоўскага раёна Брэста 24 траўня пачынае разглядаць "карагодную" крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць яшчэ 13 берасцеўцаў за ўдзел 13 верасня ў карагодзе на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. Іх судзіць сумнавядомы cуддзя Яўген Брэган. Сярод абвінавачаных — 23-гадовы палітвязень Радзівон Медушэўскі. Колькасць фігурантаў «справы карагодаў» падбіраецца пад сотню: па гэтай справе затрымліваюць і цяпер. Суд ідзе, інфармацыя дапаўняецца.
Каго судзяць у гэты раз?
- 34-гадовы Аніскевіч Андрэй Сяргеевіч
- 19-гадовы Вінакураў Ігар Алегавіч
- Ксенжук Сяргей Валер'евіч
- 23-гадовы Курганоў Дзмітрый Юр'евіч
- 45-гадовая Лойка Алена Дзмітрыеўна
- 23-гадовы палітвязень Медушэўскі Радзівон Уладзіміравіч (затрыманы 16 сакавіка і змешчаны ў СІЗА-7, дзе ўтрымліваецца дагэтуль)
- 28-гадовая Нішт Сафія Яўгенаўна
- 40-гадовы Нямірскі Андрэй Яўгенавіч
- 25-гадовы Палхоўскі Ілля Сяргеевіч
- 39-гадовы Смірнова Кацярына Віктараўна
- 20-гадовы Увараў Мікіта Ігаравіч
- 27-гадовы Храпко Аляксандр Васільевіч
- 28-гадовы Чугунова Галіна Аляксандраўна
Як абвінавачванне гучыць у матэрыялах справы?
Паводле версіі абвінавачвання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку быў нанесены ўрон 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармуліроўка гучыць ва ўсіх абвінавачваннях.
Судовы канвеер па брэсцкай “справе карагодаў”. Якія суддзі ў гэтым удзельнічаюць
А што з судом па чавёртай "партыі"?
Чацвёртую «партыю» фігурантаў «справы карагодаў» 14 траўня пачаў разглядаць старшыня суда Брэсцкага раёна Сяргей Маручак. Суд працягваецца і сёння, 24 траўня. На лаве падсудных — бацька і сын, які сядзіць у СІЗА, муж і цяжарная жонка, пружанскі паэт. У гэты раз судзяць таксама трох палітычных зняволеных, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-7: 46-гадовага Рамана Яхіна, 34-гадовую Вольгу Глушань і 19-гадовага Арсенія Сіняка. Справа знаходзіцца на стадыі допыту абвінавачаных.
Тры палітвязні, пружанскі паэт і дзве сям'і. У Брэсце пачалі судзіць яшчэ 12 фігурантаў "справы карагодаў"
Крыніца: У Брэсце пачалі судзіць пятую "партыю" па "справе карагодаў"