Андрэй Бяляўскі. Фота: Радыё Свабода. Супраць былога фігуранта справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Андрэя Бяляўскага ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт. 295 КК РБ (Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і г.д.). Нібыта, пад час ператрусу пры затрыманні ў яго быў знойдзены агнястрэльны боепрыпас.

Як стала вядома праваабаронцам, справа ўзбуджаная 27 лістапада цэнтральным апаратам Следчага камітэту РБ. Нагадаем, якраз у гэты дзень СК “паставіў кропку” і спыніў крымінальны пераслед ўсіх фігурантаў справы так званага «Белага легіёну». Аднак з’явіліся новыя акалічнасці.

Па неафіцыйнай інфармацыі, маецца яшчэ адзін падазраваны ў захоўванні боепрыпасаў з ліку тых, каго падазравалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Сітуацыя высвятляецца.

Магчымае пакаранне па гэтым артыкуле – папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаванне  волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Мастак-дызайнер з Мінска Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 28 сакавіка і абвінавачаны па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэксу "Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках». Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня.

Крыніца: Справу аб масавых беспарадках спынілі, узбудзілі новую – “захоўванне боепрыпасаў”