Супрацоўнік адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва Канстанцін Кісцянёў і ўчастковы інспектар Сяргей Калеснікаў не пусцілі ў залу пасяджэнняў адміністрацыі Ленінскага раёна журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча.
Па інфармацыі службы маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", у будынку адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва павінен быў адбыцца сход чальцоў гаражнага каператыва “Спутник-2008”, ініцыяваны раённымі ўладамі. Члены кааператыва, якія пажадалі, каб пасяджэнне прайшло галосна, запрасілі на сход карэспандэнта БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча. Аднак работнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання адміністрацыі раёна Канстанцін Кісцянёў, які выступаў арганізатарам мерапрыемства, адмовіўся прапускаць у залу пасяджэнняў журналіста БелаПАН. Ён таксама адмовіўся выдаць кнігу заўваг і прапаноў, калі Уладзімір Лапцэвіч запатрабаваў яе прадставіць, каб напісаць скаргу на дзеянні чыноўніка.
У адказ на неадэкватныя дзеянні магілёўскага чыноўніка Уладзімір Лапцэвіч выклікаў нарад міліцыі і стаў чакаць прыезду супрацоўнікаў праваахоўных органаў у памяшканні, дзе праходзіла рэгістрацыя ўдзельнікаў сходу чальцоў гаражнага кааператыва. Аднак участковы Ленінскага РАУС г. Магілёва Сяргей Калеснікаў не дазволіў журналісту знаходзіцца ў гэтым памяшканні.
“Ён з прымяненнем сілы вывеў мяне з памяшкання, дзе праходзіла рэгістрацыя, у калідор за руку. Пры гэтым Сяргей Калеснікаў не звяртаў ніякай увагі на мае словы, што яго дзеянні незаконныя. У памяшканні, дзе адбывалася рэгістрацыя, знаходзіліся людзі, якія не з’яўляліся чальцамі кааператыва, але ў адносінах да іх участковы чамусьці ніякіх дзеянняў не прадпрымаў”, — распавёў Уладзімір Лапцэвіч.
Журналіст дачакаўся прыезду міліцэйскага нарада. Супрацоўнікі міліцыі правялі апытанне Лапцэвіча і склалі адпаведны пратакол.
Пасля гэтага Уладзімір Лапцэвіч паехаў у Ленінскі РАУС Магілёва. Там ён, зноў жа, распавёў пра стварэнне перашкодаў у працы журналісту з боку чыноўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанціна Кісцянёва і ўчастковага інспектара Сяргея Калеснікава супрацоўніцы Следчага камітэта, якую выклікалі праваахоўнікі.
Лапцэвіч лічыць, што сваімі дзеяннямі ў адносінах да яго Кісцянёў і Калеснікаў парушылі артыкулы 426 і арт. 198 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы і перашкаджалі законнай прафесійнай дзейнасці журналіста.
Неабходна адзначыць, што сход чальцоў кааператыва “Спутник-2008” таксама не адбыўся. Пасля таго, як прадстаўнік адміністрацыі Ленінскага раёна і ўчастковы інспектар не дапусцілі ў памяшканне прадстаўніка прэсы, прыблізна праз 20 хвілін сход, так па сутнасці і не пачаўшыся, завяршыўся, паколькі многія яго ўдзельнікі сышлі з залы. Пры гэтым многія чальцы гаражнага кааператыва выказвалі абурэнне не адэкватнымі дзеяннямі прадстаўніка адміністрацыі Ленінскага раёна.
Крыніца: Журналіст БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч скардзіцца на дзеянні чыноўніка і міліцыянта