Віктар Скрундзік у судзе. Фота: spring96.org На сёння, 4 траўня, была прызначаная дата разгляду ў Вярхоўным судзе апеляцыйнай скаргі асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Слуцкага раёна Віктара Скрундзіка.

Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі пакінула апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання Віктара Скрундзіка без задавальнення.

Цяпер на жыццё засталася адна надзея – памілаванне ад імя прэзідэнта.

Яшчэ 6 сакавіка 2020 года Мінскі абласны суд на выязным пасяджэнні ў Слуцку абвясціў прысуды жыхарам Слуцкага раёна. Іх абвінавацілі ў забойстве пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны.

Трое фігурантаў справы былі прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення (Валянцін Бушнін, Сяргей Захарчанка і Віталь Мяцеж), а Віктар Скрундзік – да смяротнага пакарання.

Прысуд быў абскарджаны ў Вярхоўным судзе Беларусі і 30 чэрвеня 2020 года калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах агучыла рашэнне, якім задаволіла апеляцыйную скаргу і адмяніла смяротны прысуд Віктару Скрундзіку.

Справу вярнулі на новы разгляд у Мінскі абласны суд, які ў другі раз на выязным пасяджэнні ў Слуцку 15 студзеня 2021 года агучыў прысуд ў дачыненні да Віктара Скрундзіка і яшчэ траіх жыхароў Слуцкага раёна. Працэс пачаўся 7 верасня, але 12 кастрычніка, калі ў судзе павінны былі заслухаць апошнія словы абвінавачаных, судовыя працэсы некалькі разоў пераносіліліся па прычыне COVID-19.

Ранейшыя прысуду ўсім чатыром фігурантам справы пакінулі без зменаў.

Старшнствуючы - суддзя Вярхоўнага суда І. Буката агучыў пастанову: прысуд пакінуць без зменаў, а апеляцыйную скаргу без задавальнення.

Крыніца: Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання Віктара Скрундзіка