Прэзентацыя кніг былых палітвязняў Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» і Змітра Дразда «Бунт батанікаў» адбылася ў Мінску 28 лістапада. Розныя па характары і ўмовах напісання творы аб’яднала серыя “Беларуская турэмная літаратура”.
“Турэмная літаратара – не асобны жанр, гэта хутчэй нон-фікшн, гэта тое, што чалавек піша на падставе ўласнага досведу, што ён перажыў асабіста. Гэта можа быць проза, вершы, дзённікі», – адкрываючы прэзентацыю казала рэдактарка заснаванай Праваабарончым цэнтрам “Вясна” серыі, Алена Лапцёнак. – Вялікая колькасць пісьменнікаў прайшла праз турмы і лагеры. Нягледзячы на тое, што Беларусь зараз вольная, незалежная, пісьменнікі за свае погляды трапляюць за краты і сёння.Яны пішуць дзённікі, дзе яны перадаюць свае рэфлексіі і распавядаюць, што ім дапамагло перажыць цяжкія выпрабаванні».
- Алена Лапцёнак на прэзентацыі кніг былых палітвязняў Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» і Змітра Дразда «Бунт батанікаў» адбылася ў Мінску 28 лістапада.
Яна ўзгадала прозвішчы Сяргея Грахоўскага і Ларысы Геніюш, якія прайшлі праз палітычныя рэпрэсіі ў савецкі час, праз ГУЛАГ, і свае перажыванні таксама апісалі ў творах.
Старшыня ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, гэтак жа, як і героі прэзентацыі, зазнаў палітычны пераслед і таксама пакінуў свае разважанні ў творах.
“У турме, дзе паволі спыняецца мітусня, ўзнікае жаданне выказацца на паперы і напісаць пра глабальныя рэчы і вечныя каштоўнасці. Фізічныя пакуты тады ўвасабляюцца ў мастацкае слова высокай якасці. Штодзённае натаванне думак дапамагае вязню мацаваць свой дух, сваю волю», – распавядае Алесь Бяляцкі.
- Алесь Бяляцкі на прэзентацыі кніг былых палітвязняў Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» і Змітра Дразда «Бунт батанікаў» адбылася ў Мінску 28 лістапада.
Праваабаронца спыніўся на тых “турэмных” кнігах, якія ён атрымліваў пад час зняволення ў бабруйскай калоніі: “Американские стихи”. Аляксандра Фядуты, “108 дзён і начэй у засценках КДБ” Анатоля Лябедзькі, распавёў пра свае ўражанні ад прачытання кнігі Змітра Дашкевіча “Чарвяк”. А “Лісты да Волі” Уладзіміра Някляева праваабаронца назваў “вяршыняй турэмнай літаратуры”,
Валянціна Аліневіч, маці Ігара Аліневіча, якая прысутнічала на прэзентацыі, узгадала, што прэзентацыя праводзіцца ў незвычайны для іх сям’і дзень: «Менавіта ў гэты дзень, 28 лістапада, у 2010 годзе, майго сына невядомыя выкралі ў Маскве па выхадзе з крамы. З гэтага эпізоду пачынаецца і кніга Ігара. Я, калі з інтэрнэту даведалася пра тыя падзеі, ледзьве не спаўзла са стула, – узгадвае Валянціна.
Яна пераказала прысутным на прэзентацыі словы Ігара пра выхад ягонай кнігі, зазначыўшы, што для яго гэта самая каштоўная кніга, бо яна напісаная непасрэдна ў турме.
Некалі, уражаная рознымі фактамі і дэталямі, якія сустракаюцца у кнізе, напісанай за кратамі, яна спыталася ў сына: «Як ты ўсё гэта помніш? Кнігу ж можна на цытаты разбіраць.
«Ты ведаеш, – адказаў ён, – карцар вельмі асвяжае памяць”.
Валянціна Аліневіч:
“Неяк я разбірала, абліваючыся злязьмі, сынаў почырк у лістах рукапісу, перасланых з турмы. Паставіла тым часам варыцца бульбу, а сама ў іншым пакоі ўчытваюся ў дробныя радочкі. Раптам чую, як па калідоры нехта ідзе: “бум-бум». Ну ўсё, падумала, гэта КДБ. Аказалася – закіпела бульба і накрыўка рондля гэтак рытмічна пастуквала".
Перакладчыца і паэт Галіна Дубянецкая пачытала ўласны пераклад на беларускую мову любімага верша Ігара Аліневіча “Сыну” Рэдзьярда Кіплінга, які змешчаны у кнізе “Еду ў Магадан” замест прадмовы. Некалі маці Ігара падаравала гэты верш на 16-ці годдзе Ігара і таму ён вельмі знакавы для іх сям'і.
- Галіна Дубянецкая на прэзентацыі кніг былых палітвязняў Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» і Змітра Дразда «Бунт батанікаў» адбылася ў Мінску 28 лістапада.
Галоўны рэдактар газеты «Новы час» Аксана Колб распавяла пра тое, як раздзелы з кнігі Ігара Аліневіча, перакладзеныя на беларускую мову, пачалі друкавацца на старонках тыднёвіка.
“Было вельмі рызыкоўна друкаваць такое, але думалася, што калі і прычыняць выданне газеты за публікацыю, дык за такое – не крыўдна. Маральна тыя публікацыі падтрымалі палітвязня Аліневіча, “чалавека са стрыжнем”.
Яна добрым словам узгадала адну з перакладчыц кнігі “Еду ў Магадан” на беларускую мову Таццяну Шапуцька.
Характарызуючы кнігу Зміцера Дразда “Бунт Батанікаў”Алесь Бяляцкі адзначыў лірычнасць і шчырасць аўтара: “Ён пісаў яе без агладкі на аператыўнікаў, якія маглі прачытаць дзённік".
- Зміцер Дрозд на прэзентацыі кніг былых палітвязняў Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» і Змітра Дразда «Бунт батанікаў» адбылася ў Мінску 28 лістапада.
Раіса Міхайлоўская, кіраўнік “Беларускага дакументацыйнага цэнтра”, якая добра ведае Дразда па працы, адзначыла, што ад моманту свайго вызвалення Зміцер Дрозд паспеў напісаць і выдаць ажно 6 добрых кніх.
“Гістарычнай навуцы пашанцавала, што за кратамі апынуўся такі аўтарытэтны гісторык як Зміцер Дрозд, які здолеў бесстаронна апісаць усё, што бачыў".
- Раіса Міхайлоўская на прэзентацыі кніг былых палітвязняў Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» і Змітра Дразда «Бунт батанікаў» адбылася ў Мінску 28 лістапада.
На завяршэнне прэзентацыі ўсе прысутныя змаглі атрымаць асобнікі кніг з аўтографамі Змітра Дразда і маці Ігара Аліневіча.
Крыніца: Кнігі Аліневіча і Дразда паклалі пачатак серыі “Беларуская турэмная літаратура” Фота