Алена Пуцыковіч, Іванава. У судзе Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці 14 красавіка вынесены прысуд па  крымінальнай справе ў дачыненні да мясцовай настаўніцы Алены Пуцыковіч.

Яе вінавацілі у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 188 Крымінальнага кодэксу РБ (паклёп).

Па матэрыялах следства, Пуцыковіч “з мэтай распаўсюджвання заведама ілжывых звестак, які зневажаюць старшага оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі АУС Іванаўскага раёна Аляксандра Задарожнага  12 лістапада 2020 года у тэлеграм-чаце “Іванава для Жыцця”, размясціла рэпост аб тым, што ён “здымаў на камеру пратэстуючых жанчын з белымі і чырвонымі балонікамі і кветкамі, а потым ілжэсведчыў у судзе супраць іх”.

У пачатку пасяджэння 12 красавіка ў судзе Іванаўскага раёна пацярпелы, начальнік Драгічынскага РАУС Юрый Котыш, хадайнічаў зрабіць пасяджэнне закрытым, у сувязі з тым, што «могуць быць закранутыя службовыя інтарэсы».

Дзяржабвінаваўца запытаў для Алены Пуцыкавіч пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 2 гады 6 месяцаў без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама, пракурор лічыць магчымым задаволіць грамадзянскія пазовы пацярпелых у поўным аб'ёме.

Адвакат Алены Пуцыковіч лічыць, што яе віна не даказаная.

Сёння быў абвешчаны прысуд: прызнаць настаўніцу Пуцыковіч вінаватай і пакараць яе абмежаваннем волі на два з паловай гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Суд таксама задаволіў матэрыяльныя патрабаванні двух пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі ў памеры 1 500 рублёў кожнаму.

Крыніца: За два рэпосты з інфармацыяй пра міліцыянтаў настаўніцу пакаралі двумя з паловай гадамі хатняй хіміі