13 красавіка суд Мінскага раёна пачаў разглядаць крымінальную справу палітвязня Віктара Лосіка. Яго абвінавацілі паводле арт. 339, 341 Крымінальнага кодэксу. Справу разглядае суддзя Новікава. Дзяржабвінавачанне падтрымлівае пракурор Касінская. Пацярпелыя — старшыня ўчастковай выбарчай камісіі ў Хацежына Радзько і яе намесніца Красоўская. Абедзве заявілі пазоў на выплату маральнай шкоды: па тры тысячы рублёў кожнай.

У чым абвінавацілі?

Палітвязня абвінавацілі ў тым, што павесіў на мосце пудзілы з фотаздымкамі міністра ўнуртраных справаў і старшыні выбарчай камісіі Хацежынскага ўчастка для галасавання з надпісам “Не забудем, не простим!”, а таксама ў нанясенні выяваў з беларускім нацыянальным гербам “Пагоня” на збудаваннях і апорах маста. Фотаздымкі пудзілаў былі размешчаны ў чаце "Хацежына для жыцця".

Што кажа палітвязень?

Віктар Лосік прызнаў віну па артыкуле 339 і не пагадзіўся — з артыкулам 341, прынёс прабачэнні пацярпелым, пудзілы з фатаздымкамі якіх вывешваў: прызнаў усе тры факты вывешвання пудзілаў. Ён расказаў, што ў наваколлі Хацежына  развешваў пудзілы па начах з інтэрвалам 1-2 дні, а таксама наносіў на апоры мастоў, будынкі водапомпавай станцыі і электрашчытавой выявы з "Пагоняй": не менш 28 разоў.Хоць на фотапастцы выява невыразная, немагчыма апазнаць яго з поўнасцю, ён таксама прызнаў, што гэта ён сняты ў момант размяшчэння гербаў. Таксама — распавёў, дзе набываў і хаваў пудзіла, як знаходзіў фотаздымкі. Адзначыў, што гэта было зроблена ў адчаі ад падзей лета-2020.

Ён распавёў, што быў назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах. Яго не дапусцілі ў памяшканне, таму быў вымушаны назіраць на вуліцы. Пратакол галасавання вывешаны не быў, яго паказалі праз дзверы а 12-й гадзіне ночы з выпраўленнямі і без усіх неабходных подпісаў. Віктар Лосік пісаў скаргі ў тэрытаряльную камісію і ЦВК, адказаў па сутнасці не атрымаў: гэта і жорсткасць з боку МУС сталі для яго падставай для выражэння нязгоды. Ён выказаў яе ў вывешванні пудзілаў з прымацаванымі да іх фатаздымкамі Караева, старшыні і намесніцы старшыні раённай выбарчай камісіі Радзько і Красоўскай, работнікамі сельсавета (апошняя — дэпутат ад іх акругі). Віктар Лосік адзначыў, што ягоныя дзеянні былі накіраваныя супраць канкрэтных службовых асоб, вінаватых у фальсіфікацыі выбараў і гвалце, бо законнымі спосабамі дамагчыся праўды не было магчымасці.

Лосік папрасіў прабачэння ў пацярпелых, рахункі за псаванне маёмасці ў суме 43р., 54р., 25р. аплаціў у поўным памеры. Не лічыць псаваннем маёмасці і крымінальнай справай налепку "Пагоні" на бетонныя сцены. Пазовы пацярпелых лічыць празмернымі, але гатовы пакрыць шкоду.

На судзе Лосік заявіў, што пры дачы паказанняў на яго рабілася маральнае і псіхічнае ўздзеянне, раскаянне выраблялася пад пераканаўчыя просьбы супрацоўнікаў РУУС. Але гэтую тэму падчас суда ён абмяркоўваць не захацеў.

Што казалі пацярпелыя?

Пацярпелая Радзько прад'явіла абвінавачанні наконт трох убітых у яе пудзіла цвікоў: гэтага ўчынку Лосік не прызнае і кажа, што заўсёды быў супраць гвалтоўных дзеянняў, таму не рабіў гэтага.

Пацярпелая Красоўская абвінавачвае Лосіка ў тым, што яе пудзіла пасля вывешвання на дарожным знаку было перанесенае на могілкі і сфатаграфавана там з тэкстам "Памятаем. Любім. Смуткуем". Але гэты эпізод па справе Лосику ня ставіцца, хаця першапачаткова ў яго прызнаннях гэты факт ёсць. 

Што яшчэ было на паседжанні?

Адвакат настойвае на кваліфікацыі дзеянняў па артыкуле 369. Ён адзначыў, што Лосік аказваў садзейнічанне ў расследаванні, дапамагаў пры выездзе на месца, добраахвотна даў свой тэлефон. А таксама раскайваецца, што абраў няправільны спосаб сваёй нязгоды.

Таксама падчас паседжання было адзначана, што бацькі Лосіка і ягоныя жонка з дзецьмі маюць патрэбу ў дапамозе.  

Віктар Лосік быў членам ініцыятыўнай групы грамадзян Віктара Бабарыка, збіраў подпісы ў яго падтрымку, быў валанцёрам у аб'яднаным штабе, дапамагаў ініцыятыве "Сумленныя людзі". На прэзідэнцкіх выбарах быў незалежным назіральнікам на ўчастку ў Хацежына. Віктар жанаты, у яго двое дзяцей.

Быў затрыманы 14 снежня 2020 г. у п. Хацежына Мінскага р-на супрацоўнікамі МУС. 

Крыніца: Палітвязня судзяць за пудзілаў і налепкі "Пагоні"