Першае паседжанне гарадской выбарчай камісіі па выбарах у Жодзінскі гарсавет дэпутатаў 28 склікання адбылося 24 лістапада ў памяшканні Жодзінскага гарвыканкама. Яго адкрыў в.а. намесніка старшыні гарвыканкаму Сяргей Конан, які прадставіў кожнага з сябраў камісіі, уручыў ім пасведчанні і адразу прапанаваў прыступіць да працэдуры абрання кіраўніцтва камісіі.
У выніку быў у чарговы раз абраны нязменны ўжо другі дзясятак год кіруючы склад Жодзінскай гарадской выбарчай камісіі: старшыня - Сяргей Афанасенка (ГА “Белая Русь”), намеснік – Уладзімір Цыёлта, сакратар – Таццяна Краўцэвіч.
Другая палова паседжання была прысвечаная арганізацыйным момантам і разгляду даволі аб’ёмнага і важнага пытання - зацвярджэнню пастановы выканкаму “Аб утварэнні выбарчых акругаў”.
Перад галасаваннем прысутным проста паказалі схематычную разметку ўчасткаў на мапе. Дарэчы, на ёй можна знайсці толькі 37 з створаных 38 акругаў. У выніку за 4,5 хвіліны, літаральна з ходу, нават без агалошвання дакументу цалкам, былі зацверджаныя 38 гарадскіх выбарчых акругаў сярэдняй колькасцю 1299 выбаршчыкаў кожная.
Далей адразу, не зачытваючы усё рашэнне выканкаму, з пералікам вуліц і складам участкаў, - удзельнікам прапанавалі прагаласаваць і зацвердзіць пастанову цалкам.
Назіральнік Аляксей Лапіцкі патлумачыў на сайце licviny.info што "матывацыя пры гэтым была простай: “зачытваць доўга ды з голасу”, - як адзначылі старшыня С.Афанасенкаў і сакратарка Т.Краўцэвіч, - “усё роўна такая інфармацыя цяжка ўспрымаецца”, і... “заўтра ўсё будзе надрукавана ў газеце”.
Пры гэтым было заяўлена, што “межы выбарчых акругаў змяніліся - стала на 2 акругі больш”, а “колькасць выбарнікаў па акругах, усё роўна, далей яшчэ будзе карэктавацца”.
Ніхто з прысутных сябраў камісіі не задаў ніводнага пытання перад чарговым галасаваннем.
Крыніца: Жодзіна: Кіруючы склад гарадской выбарчай камісіі не мяняецца гадамі