Родныя перадаюць перадачы арыштантам каля ІЧУ Жодзіна. Фота spring96.org 11 красавіка з ізалятараў часовага ўтрымання былі вызваленныя больш за 100 чалавек, якіх затрымалі 27 сакавіка і асудзілі на 15 сутак арышту. Нягледзячы на нядаўнюю спробу кіраўніцтва ЦІП апраўдацца і адмаўляць стварэння недапушчальных умоў утрымання арыштантаў, людзі, што вызваляюцца, працягваюць сведчыць пра катаванні ў ІЧУ ў розных гарадах краіны.

Намеснік дырэктара бізнэс саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Алесь Герасіменка распавёў Радыё Свабодзе пра ўмовы ўтрымання ў на Акрэсціна і ў Жодзінскім ІЧУ.

“Умовы, у якіх апынуўся я і іншыя затрыманыя, можна прыраўняць да катаванняў. На Акрэсціна 20 чалавек апынуліся ў пяцімясцовай камеры, не выдалі ложкавай бялізны, людзі пераважна спалі на падлозе.

У Жодзіне я і яшчэ тры чалавекі патрапілі ў 10-мясцовую камеру, якая ўжо цалкам была запоўненая. Першыя некалькі дзён было адносна камфортна: мы спалі на падлозе або на стале. Але праз тры дні ў нас забралі ўсю ложкавую бялізну: і коўдры, і прасціны, і матрасы, толькі рушнікі пакінулі”.

Алесь адзначыў, што некалькі разоў яго і сукамернікаў раніцай падчас праверкі выводзілі на калідор, дзе ставілі на расцяжку, білі па нагах дубінкай ці нагой.

“Аднойчы міліцыянту, што наглядаў за намі, не спадабалася, як падчас праверкі паводзіў сябе адзін з хлопцаў – круціў галавой. Пасля гэтага “правучылі” ўсю камеру: прыйшлі два міліцыянты, уключылі нейкую музыку і заставілі прысядаць хвілінаў з 10”.

Мужчына кажа, што сярод арыштантаў былі людзі сталага веку, з праблемамі каленных суставаў, але гэта нікога не турбавала. Пасля такіх практыкаванняў адзін мужчына ўпаў на плітку і разбіў галаву.

Алесь Бяляцкі: Лінія на садысцкае стаўленне да затрыманых будзе працягвацца

Праваабаронцы фіксуюць новы ўсплёск гвалту і здзекаў у дачыненні затрыманых у беларускіх турмах і ізалятарах.

Доктара-неўролага Руслана Бадамшына за апошнія паўгода затрымлівалі і саджалі 5 разоў — агулам адседзеў ён 64 сутак. Пакаранні адбываў у ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна. Двойчы сядзеў у Жодзіне. Перахварэў на каранавірус. З апошняй адседкі на волю выйшаў 8 красавіка. Ён падцвердзіў Радыё Свабодзе жудасныя ўмовы ўтырмання: у ІЧУ Жодзіна ў камеры, разлічанай на чатырох, начавала да 12 чалавек, спалі на падлозе, антысанітарыя была поўная — без матрасаў, падушак, пасцельнай бялізны.

"Камера не праветрывалася — акно было наглуха заваранае, на ім пастаянна быў кандэнсат, цвіль. Дый падчас нешматлікіх прагулак падыхаць свежым паветрам не ўдавалася — дворык нагадваў цёмную сырую камеру, толькі з небам у клетачку. Там мужыкі пастаянна курылі, і паветра амаль не было — дыхалі тытунёвым дымам.

Камеру залівалі хлёркай: у вядры разводзяць па 6–10 таблетак, выліваюць на падлогу, пад шконкі, каб цяжэй было прыбраць. Ніякіх прыладаў, анучаў не было — адзін стары ручнік, хуценька стараліся сабраць і выліць рэшту ва ўнітаз.

Непрыемна шчыпала вочы, свярбела ў носе і вачах, пачырваненне склеры — хлёрка раздражняе слізістыя абалонкі. У кагосьці развіваўся бронхаспазм, правакаваўся прыступ бранхіяльнай астмы", — прыгадвае Руслан.

Была адна "газавая атака" — за тое, што мужчынская камэра перастуквалася з суседняй, дзе сядзелі дзяўчаты.

"Мы часам перастукваліся, кшталту перадавалі прывітанне. Уварваўся ахоўнік, пырснуў пярцовым газам з балончыка — ўчыніў нам газавую атаку. Прыгразіў, што яшчэ раз пачуе стук — будзе тое самае. А аднойчы бачым у прыбіральні нейкую пену. Аказваецца, ахоўнікі вылілі два флаконы шампуню ва ўнітаз", — успамінае хімічныя і газавыя атакі, а таксама дробную помсту доктар.

У Жодзіне падчас апошняй адседкі зняволеныя ні разу не бачылі турэмнага лекара, не было ніводнага мэдычнага агляду. Прасілі даць градуснік, але яго так ні разу не і далі, хоць людзі былі з тэмпературай, з насмаркам, з кашлем.

"Ніякіх аналізаў, тэстаў, натуральна, у ізалятарах не робяць. Ужо вызваліўшыся, я патэлефанаваў свайму былому сукамерніку, які вызваліўся раней. Ён зрабіў ужо на волі тэст, які аказаўся станоўчым — каранавірус пацвердзіўся".

Разам з Русланам сядзеў грамадзкі актывіст з Салігорску Андрэй, які некалі балатаваўся ў дэпутаты мясцовага савету. Хлопец напісаў ліст дадому, а ў канверт уклаў малюнак — эмблемку, дзе было напісана «Жодзіна. Вязніца».

"Там не было ніякай сімволікі. Цэнзар не прапусціў ліст. Андрэя завялі ў душ, аддубасілі палкай па спіне. Ён вярнуўся ў камеру такі маўклівы, напалоханы, і лёг. А ён наагул вельмі інтэлігентны, выхаваны, стрыманы, казаў, што гвалт ніяк не ўспрымае.

На наступны дзень ён таксама ляжаў, маўчаў, мы яго не чапалі. А ўвечары на фоне ўнутранай трывогі ў яго пачаўся, кажучы мэдычным тэрмінам, „сымпатадрэналавы крыз“. Панічная атака, скавала рукі-ногі, разагнуць руку мы не маглі, у яго спазмы, пот на твары, ён ледзьве варушыў языком, ня мог гаварыць. Мы спалохаліся, пачалі барабаніць у дзверы, выклікалі ахоўнікаў. Яго забрала хуткая", — расказвае доктар-неўролаг.

А другому хлопцу сур’ёзна пашкодзілі нагу, на якой яшчэ ня зросся ранейшы двайны пералом ступні.

"Нас вывелі ў калідор, паставілі на расцяжку і пачалі біць па нагах — каб мы сталі амаль на шпагат. Міліцыянт ударыў сваёй нагой па назе таго хлопца. Потым нага распухла, з'явілася гематома. Ахоўнікі не хацелі выклікаць хуткую і доктара, маўляў, „паляжы, пройдзе“. Але нага страшна пасінела. Урэшце мы дамагліся, каб выклікалі „хуткую“. У шпіталі хлопцу наклалі гіпс і вярнулі назад у турму. Яму было вельмі цяжка з гэтым гіпсам і спаць на голай шконцы, і перасоўвацца без мыліц", — кажа Руслан.

У сядзельцаў забралі паперу, сурвэткі, кнігі, сканворды, асадкі — каб немагчыма было пісаць скаргі на бесчалавечныя ўмовы ўтрымання. Аднак ахоўнікі пайшлі яшчэ далей. Цяпер забіраюць перадачы — маўляў, харчы могуць сапсавацца.

"Ладна, забіраюць матрасы, коўдры, бялізну, гэта ўжо не выклікае здзіўлення. У сераду ўвечары нам сваякі прынеслі перадачы. Іх аддалі толькі на наступны дзень, у чацвер. У пятніцу раніцай забралі ўсё мясное, усё сала, нават сыр у вакуўмнай упакоўцы. А ў нядзелю забралі рэшткі печыва, сухары, сушкі, нават цукар і соль, якія не псуюцца.

Гэта ж проста крадзеж ці марадзёрства — бацькі везлі перадачы з іншых гарадоў, стаялі ў чарзе, трацілі немалыя грошы!" — абураецца Руслан Бадамшын.

Бабруйск

Павел Кабанчук, пасля адбыцця 15 сутак арышту, распавёў пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ г. Бабруйска. Мужчыну падчас адміністрацыйнага арышту змяшчалі ў карцэр.

"Пасля пераводу назад у камеру ў нас ва ўсіх забралі матрацы, 8 чалавек змясці ў четырхместную камеру. Двое чалавек, затрыманых за крадзеж, пагадзіліся за падвойную “пайку”, прапанаваную адміністрацыяй, пацясніць нас у камеры. Дзяжурны зайшоў і сказаў, што дзве "шконкі” крымінальнікам, а гэтыя дзве вашыя - на шэсць чалавек”, - распавёў Павел.

На 11 суткі арышту ў ІЧУ прыехаў начальнік з Мінска: ён правёў гутарку з арыштантамі і растлумачыў, што вышэйстаячыя вымушаюць заціскаць умовы – каб былі, як на Акрэсціна.

Тры чалавекі заявілі пра галадоўку па сваёй волі, у тым ліку і Павел. Яшчэ трое чалавек, пасля таго, як перадалі перадачы, напісалі заявы аб адмове прыёму ежы, якую дастаўляюць у ІЧУ: есці яе немагчыма, а плаціць трэба 14,5 рублёў за суткі. І пасля гэта ў арыштантаў забралі ўсё, што ім перадалі і яны сталі галадаць вымушана.

Дагэтуль за кратамі застаюцца Іван Манько, Уладзімір Міхалап, інвалід III групы Сяргей Бяляеў і Аляксандр Парахневіч.

Магілёў

Праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY паведамляе, што ў Магілёўскім ІЧУ ўспышка COVID-19.

Дзмітрыя Расека і Сяргей Балашэнка, што днямі выйшлі з ІЧУ, апынуліся ў бальцы з двухбаковай пнеўманіяй. Актывіст Аляксандр Хамратаў чакае вынікі ПЦР-тэсту.

Пры гэтым адміністрацыя ІЧУ спрытна прыкрываецца антыкавіднымі мерамі і не дапускае адваката да арыштаванага перакладчыка Анатоля Прасаловіча. За пасты ў адной з сацыяльных сетак ён адбывае ўжо трэці 7-суткавы адміністрацыйны арышт запар.

Катаванні над адміністрацыйна арыштаванымі ў ІЧУ працягваюцца

Людзі, якія вызваляюцца пасля сутак з ЦІП у Мінску і ІЧУ у Жодзіна, працягваюць заяўляць аб жорсткім абыходжанні з боку адміністрацыі і супрацоўнікаў з арыштантамі.

Крыніца: Новыя сведчанні пра ўмовы ўтрымання арыштантаў у ІЧУ Жодзіна, Бабруйска і Магілёва