Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў пятніцу, дзевятага красавіка, працягвае збіраць факты палітычнага пераследу: затрыманні, ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У Мінску 9 красавіка затрымалі педагога Аляксандру Шастакову. Сілавікі прыйшлі да яе сёння раніцай, паведамляе тэлеграм-канал Еўрарадыё”.

Вядома, што жанчына ўдзельнічала ў звароце "Сумленныя настаўнікі Беларусі супраць гвалту" і была гераіняй праграмы "Неверагодныя" на “Еўрарадыё”.

Сын педагога Павел Шастакоў ехаў на сваім аўтамабілі за маці, каб высветліць падрабязнасці яе затрымання. Мужчыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, і зараз ён знаходзіцца ў Ленінскім РУУС Магілёва.Аляксандра Шастакова.

У Гародні будуць судзіць Міколу Лемяноўскага за сцяжок у аўтамабілі

У Гародні 8 красавіка позна ўвечары быў затрыманы вядомы грамадскі актывіст і прадпрымальнік Мікола Лемяноўскі. Як паведамляе "Гарадзенская Вясна", ён знаходзіўся на працоўным месцы, калі яму патэлефанавалі міліцыянты і прапанавалі выйсці да машыны. Прычына - знаходжанне ў машыне Лемяноўскага "незарэгістраванай сімволікі" - бел-чырвона-белага сцяжка. Калі Лемяноўскі выйшаў да машыны - міліцыянтаў не было. Лемяноўскі вярнуўся на працоўнае месца, неўзабаве яму патэлефанавалі зноў міліцыянты і паведамілі, што вядзецца адміністрацыйны працэс за нібыта "адзіночны пікет". Лемяноўскі сказаў, што скончыць працу і прыедзе ў РАУС.

З РАУС Ленінскага раёну Мікола Лемяноўскі ўжо не выйшаў. Сёння адбудзецца адміністрацыйны суд. Калі адбудзецца працэс невядома, але вельмі верагодна, што Лемяноўскі будзе засуджаны да адміністрацыйнага арышту.

Праваабаронца Тацяна Гацура-Яворская афіцыйна арыштаваная па крымінальнай справе. Пра гэта паведаміў муж Таццяны Уладзімір Яворскі «Свабодзе». У чацвер, 8 красавіка, над усімі затрыманымі актывісткамі «Звяна» прайшлі адміністрацыйныя працэсы.

Тацяна Гацура - Яворская. Фота Радыё Свабода

Заснавальніцу грамадскага аб’яднання «Звяно» і адну з арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я — не» Таццяну Гацуру-Яворскую затрымалі 6 красавіка. Напярэдадні супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў правялі ператрусы ў офісе арганізацыі, а таксама ў кватэры і на лецішчы Таццяны. Следчыя дзеянні праводзіліся ў межах справы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу — фінансаванне або матэрыяльнае забеспячэнне беспарадкаў.

Мастака па асвятленні Данілу Ганчарова, звольненага з Новага драматычнага тэатра за забастоўку, абвінавачваюць паводле крымінальнага артыкула.

Міліцыянты прыйшлі ў кватэру Данілы з вобшукам 15 сакавіка і затрымалі за “адзіночнае пікетаванне”, адшукаўшы б-ч-б сцяг. Арыштавалі на 15 сутак,  паведамляе  “Культурны штаб новай Беларусі”.

30 сакавіка ён мусіў выйсці на волю, але 26-га Ганчарова прывезлі з Жодзіна ў Мінск на допыт, адправілі спачатку ў ІЧУ на Акрэсціна, потым перавялі на Валадарскага. Яго вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 КК - «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак».

Пад каток рэпрэсій трапіла ўся шматдзетная сям'я Юліі Міхайлавай. Сёння раніцай забралі бацьку і сястру дзяўчыны, 36-гадовую Лілію Субач. Яе маці і брат ужо за кратамі. Маці хворая фібрыёз лёгкіх.

Учора Міхайлава Юля, яе маці Міхайлава Таццяна і брат Пётр Міхайлаў былі арыштаваныя на розныя тэрміны.

Старшыню Беларускай сацыял-дэмкартычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава, які нядаўна адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту, зноў выклікаюць у міліцыю. Гэтым разам выклік звязаны з тым, што 23 сакавіка супрацоўнікі міліцыі і МЧС узламалі ў Магілёве офіс абласной арганізацыі партыі. І фактычна зрабілі пагром, забралі афіцыйна зарэгістраваную сімволіку, сцягі партыі, піша Радыё Рацыя.

Сёння ў Мінску былі затрыманыя Петухова Наталля, Петухова Алена. Іх адвезлі ў Цэнтральны РАУС, паведамляе spiski_life.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Пятнічны пераслед у Беларусі: новыя крымінальныя справы і затрыманні Дапоўнена