Праваабарончы цэнтр "Вясна" ў чацвер, восьмага красавіка, працягвае збіраць факты палітычнага пераследу: затрыманні, ператрусы, новыя крымінальныя справы і іншыя формы ціску на грамадзян за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

У менскай кватэры актывістаў анархічнага руху, стваральнікаў ініцыятывы dissident.by Вячаслава і Марыны Касінеравых правялі ператрус, падчас яго апісалі маёмасць, у тым ліку прынтэр і канапу.

Як расказала "Радыё Свабодзе" Марына Касінерава, пры ператрусе прысутнічала маці Вячаслава. Яна перадала, што хоць падставай для ператрусу былі нібыта пошукі ягонага брата ў межах справы пра «ўхіленьне ад вайсковай службы», пра самога Вячаслава «пыталі больш, чым нешта пра брата».

Самі актывісты ў дадзены момант знаходзяцца за мяжой.

Актывісты Вячаслаў Касінераў і Марына Насенка. Фота з фэйсбуку
Актывісты Вячаслаў Касінераў і Марына Насенка. Фота з фэйсбуку

Каля 10 ранку ў Мінску вуліцы на Тураўскага наўпрост на працы супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі Уладзіслава Бурдзюка. Падставы затрымання пакуль невядомыя. 

8 красавіка ў 18:00 абаронцу Віктара Бабарыкі і Максіма Знака Дзмітрыя Лаеўскага выклікалі на пасяджэнне дысцыплінарнай камісіі Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. Камісія будзе разглядаць дысцыплінарную вытворчасць, узбуджаную ў дачыненні да Дзмітрыя.

"Я ўжо прадставіў разгорнутую пазіцыю дысцыплінарнай камісіі. Я не прызнаю здзяйснення якіх-небудзь дысцыплінарных праступкаў. Відавочна, што ўся рыторыка, якой я карыстаўся, была ў межах заканадаўства. Нармальна, што адвакаты выказваюцца пра нейкія падзеі, асабліва пра будучыя змены ў заканадаўстве, якія, я спадзяюся, не адбудуцца. Спадзяюся, калегі пачуюць мае аргументы".

Светлагорск

У Светлагорскім аддзеле Следчага камітэту быў дапытаны мясцовы актывіст Сяргей Сянціраў. Допыт праходзіў дзве гадзіны ў межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама вядома, што на допыты ў Светлагорску выклікаюць іншых актыўных грамадзян.

Будзе дапоўнена.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу ў Беларусі за восьмага красавіка