Конкурсу ў гарадскую выбарчую камісію не было: 13 вылучаных прэтэндэнтаў адзінагалосна абраныя на 13 вакантных крэслаў. Сярод іх – ніводнага прадстаўніка незалежных грамадскіх аб’яднанняў ці апазіцыйных партый.
Падрабязнасці пра пасяджэнне Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта і Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў па фармаванні гарадской выбарчай камісіі, якое адбылося зранку 24 лістапада, распавёў наш назіральнік Алег Пашкевіч.
За 25 хвілінаў, што доўжылася пасяджэнне, прадстаўнікі гарвыканкама і гарсавета паспелі правесці абмеркаванне ўсіх прэтэндэнтаў. Іх ацэньвалі з пункту гледжання наяўнасці вопыту працы у выбарчых каміссіях і дзелавых якасцяў асобы. Галасавалі за кожнага з 13 прэтэндэнтаў асобна і адзінагалосна.
Такім чынам сябрамі камісіі сталі два супрацоўнікі гарвыканкама - загадчык аддзела адукацыі, спорту і турызму Пётр Апановіч і кіруючая справамі выканкама – Валянціна Мартыненка (вылучаная ад Белай Русі), якая не першы год узначальвае тэрытарыяльныя і акруговыя выбаркамы горада. Па традыцыі сябрам камісіі стала і дэкан юрыдычнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсіэта Ірына Вягера.
Сярод сябраў камісіі яшчэ пяць кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў і бюджэтных установаў, два прадстаўнікі структураў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і тры ад іншых грамадскіх аб’яднанняў - БРСМ, Беларускага таварыства ветэранаў, Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане.
Таксама ў вылучэнні прадстаўнікоў у камісію прымалі ўдзел Беларускі саюз жанчын і Беларускі фонд міра, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў.
Грамадскія аб’яднанні і апазіцыйныя партыі дэмакратычнага блоку ў гарадскую камісію сваіх прадстаўнікоў не вылучалі.
На першым пасяджэнні камісіі, якое адбылося ў дзень яе ўтварэння, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Алег Буевіч прапанаваў на пасаду старшыні камісіі Валянціну Мартыненка, “чыя кандыдатура была ўзгоднена з Наваполацкім гарвыканкамам і Саветам дэпутатаў”. Прапанова была падтрыманая адзінагалосна.
Далей пасяджэнне вяла наваабраная старшыня і па яе прапанове адзінагалосна былі абраныя сакратар камісіі Малецкая (першы раз у выбарчай камісіі) і намеснік страшыні - Муляронак (раней быў сябрам выбарчай камісіі).
Далей была прызначаная дата наступнага паседжання, на якім будуць зацверджаны выбарчыя акругі – 27 лістапада, абмяркоўваўся план працы на бліжэйшы час і графік дзяжурстваў у камісіі.
Файлы
Крыніца: Наваполацк: кандыдатура старшыні гарадскога выбаркама "ўзгоднена"