У судзе Мазырскага раёна 23 лістапада адбылося судовае паседжанне па адміністратыўнай справе Уладзіміра Неўмяржыцкага, якога звінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – "Маршы абураных беларусаў-2.0", які адбыўся ў Мінску 21 кастрычніка.
Жыхара Мазыра абвінавацілі ў тым, што ён трымаў расцяжку, выкрыкваў лозунгі "Жыве Беларусь", "Свабоду", "Дайце працу!". Суддзя Д. Мазай нават не рабіў перапынку, каб прыняць рашэнне па справе: тут жа у зале абвесціў пастанову – штраф у памеры 20 базавых велічынь.
Каментуючы пастанову суда ў сацыяльных сетках, актывіст са Светлагорску Юрый Ляшэнка, які прыехаў падтрымаць Неўмяржыцкага, выказаў сваё абурэнне:
"Віват, высокі суд! "Справядлівае і гуманнае" рашэнне -- 20 базавых для беспрацоўнага чалавека з інваліднасцю 3-ці групы і пенсіяй 180 рублёў!”
Падчас працэсу Уладзіміра Неўмяршыцкага на судзе падтрымлівалі прадстаўнікі ПЦ “Вясна”, БНК, журналісты-фрылансеры і актывісты з розных гарадоў.
Нагадаем, што за некалькі дзён да суду участковы інспектар спрабаваў запалохаць актывіста, маўляў, калі пачнеш у судзе разважаць пра свае правы – пасадзяць на суткі, а калі будзеш маўчаць – абыйдзешся штрафам альбо папярэджаннем.
На чарзе – разгляд адміністратыўнай справы полацкага прадпрымальніка Ганада Бердзянёва, якога таксама спрабуюць абвінаваціць ва ўдзеле ў акцыі 21 кастрычніка. Ён атрымаў СМС-паведамленне аб тым, што справа будзе разглядацца 1 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. З пратаколам правапарушэння, складзеным на падставе раздруковак фота з інтэрнэту, актывіст азнаёміўся яшчэ 9 лістапада.
Крыніца: За "Марш абураных беларусаў-2.0" аштрафаваны Уладзімір Неўмяржыцкі, а на чарзе…