У судзе Фрунзенскага раёна Мінска працягнуўся разгляд крымінальнай справы палітычнага зняволенага, дызайнера Дзмітрыя Кубарава, якога вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Пад час спрэчак па справе, якія адбыліся 22 сакавіка, памочніца пракурора Аліна Касьянчык запрасіла для яго сем гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.  Таксама Касьянчык падтрымала пазоўныя патрабаванні на кампенсацыю 69000 рублёў за шкоду, нанесеную "Мінсктрансу" за перыяд 9-12 жніўня 2020 года. Нягледзячы на тое, што гэта сума датычыцца ўсяго горада і ў матэрыялах справы ўтрымліваецца дакумент, згодна з якім вызначыць дакладную шкоду, нанесеную дзеяннямі абвінавачанага, не прадастаўляецца магчымым. Адвакат Дзмітрыя Кубарава ў сваёй прамове прасіў перакваліфікаваць справу на ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак).

kubarau_sud.jpg
Дзмітрый Кубараў на судзе

На судзе 23 сакавіка Дзмітрый выступіў з апошнім словам:

"Я напісаў прамову, але браць яе з сабой я не бачыў сэнсу. Таму што нават за гэтай клеткай лічу сябе больш свабодным, чым многія людзі, якія сядзяць тут – у пагонах, у мундзірах і гэтак далей. Я нават не спадзяюся, што яны мяне зразумеюць. Мне застаецца толькі ганарыцца тым, што я зрабіў і тым, чаго не зрабіў. Ганарыцца тым, кім стаў і кім не стаў насуперак таму, што мне прад'яўляюць. Для мяне гонар стаяць у адным шэрагу з такімі людзьмі, як Сяргей Ціханоўскі, Святлана Ціханоўская, Юрый Уласаў, Антон Бяленскі, Цапкала... Я не здзяйсняў тых злачынстваў, у якіх мяне абвінавачваюць. На гэтым усё".

Прысуд па справе Дзмітрыя Кубарава будзе агучаны 24 сакавіка ў 16.40.

Згодна з абвінавачваннем, з 9 па 12 жніўня Дзмітый Кубараў заклікаў людзей у інтэрнэце і афлайн да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках. А таксама сам арганізоўваў масавыя беспарадкі і ўдзельнічаў у іх. Акрамя таго, ён меў намеры вырабіць “кактэйль Молатава”. 

11 жніўня Дзмітрый быў жорстка затрыманы і дастаўлены ў СІЗА КДБ. У ноч з 11 на 12 жніўня там жа падпісаў яўку з павіннай. У яго кватэры прайшоў вобшук, пасля якога ў яго канфіскавалі рупар, медыкаменты, воду, тэхніку (тэлефон, ноўтбук), каністры з растваральнікам і скіпідар, які выкарыстоўваўся для рамонту кватэры. З таго моманту (7 месяцаў) ён утрымліваецца пад вартай. На судзе Дзмітрый не прызнаў сваю віну і заявіў пра катаванні пасля затрымання.

Пачаўся суд над палітвязнем Дзмітрыем Кубаравым. Яго лічаць арганізатарам масавых беспарадкаў

Хлопец з каністрамі растваральніка і дзяўчына з Масквы з грашыма. Што распавёў палітвязень падчас допыту?

Крыніца: "Нават за гэтай клеткай лічу сябе больш свабодным, чым многія людзі, якія сядзяць тут". Палітвязню Кубараву запрасілі 7 гадоў узмоцненага рэжыму