Аналітыкі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», азнаёміўшыся на этапе фармавання выбарчых камісій са зместам рубрык «Выбары 2018» на афіцыйных сайтах выканкамаў і гарадскіх адміністрацый, рэкамендуюць ЦВК пашырыць пералік абавязковых для публікацыі звестак, а выканаўчым органам - больш адказна падыходзіць да інфармавання грамадзянаў пра падрыхтоўку і правядзенне бягучай выбарчай кампаніі. Адкрытасць і празрыстасць выбарчых працэсаў з'яўляецца адной з умоваў правядзення свабодных выбараў. Таму любы рэальны прагрэс у пытаннях інфармавання пра правядзенне выбараў станоўча адбіваецца на ацэнках назіральнікаў і ўплывае на агульную ацэнку празрыстасці выбараў.
Пазітыўную ролю ў гэтым пытанні адыграла практыка прыняцця адпаведных пастаноў ЦВК (у бягучай выбарчай кампаніі - Пастанова Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 15 лістапада 2017 г. № 39 «Аб інфармаванні грамадзян аб працы па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання"). У мэтах аднастайнага прымянення палажэнняў часткi другой артыкула 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якая прадугледжвае інфармаванне грамадзян аб працы па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў выбарчымі камісіямі, мясцовымі прадстаўнічымі, выканаўчымі і распарадчымі органамі, ЦВК абавязала публікаваць інфармацыю пра ход выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў у газетах, заснавальнікамі якіх з'яўляюцца выканаўчыя камітэты, і размяшчаць на афіцыйных інтэрнэт-сайтах выканаўчых камітэтаў, а таксама адміністрацыяў раёнаў у горадзе Мінску ў спецыяльна створанай рубрыцы «Выбары 2018».
Пастанова падрабязна апісвае аб'ём і тэрміны размяшчэння інфармацыі ў рубрыцы «Выбары 2018». Змест рубрыкі «Выбары 2018» на інтэрнэт-сайтах вызначаецца: абласным, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, адміністрацыяй раёна ў г. Мінску згодна з дадаткам 2; раённым, гарадскім (горада абласнога падпарадкавання) выканаўчым камітэтам згодна з дадаткам 3 да згаданай пастановы ЦВК.
Этап фармавання тэрытарыяльных камісій выявіў недахопы дадзеных дакументаў: працэсы фармавання камісій рознага ўзроўню ў адпаведнасці з дадаткамі 2 і 3 павінны асвятляцца па-рознаму.
Так, прадугледжана абавязковае размяшчэнне інфармацыі пра месца прыёму дакументаў прэтэндэнтаў у сябры абласных тэрытарыяльных камісій, раённых, гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання) і ўчастковых камісій, а таксама інфармацыі пра час і месца паседжання органа, які іх утварае.
А вось для гарадскіх (у горадзе раённага падпарадкавання), пасялковых і сельскіх выбарчых камісіях па выбарах у гарадскі (горада раённага падпарадкавання), пасялковы і сельскія Саветы дэпутатаў абавязковая публікацыя паведамленняў пра час і месцы прыёму дакументаў аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад названых выбарчых камісій. Інфармацыю пра час і месца пасяджэння органа, які ўтварае дадзеныя камісіі, сайты выканкамаў публікаваць не абавязаныя.
Такім чынам, інфармацыі пра час і месцы ўтварэння 90% тэрытарыяльных камісій на мясцовых выбарах 2018 года на сайтах выканкамаў няма, і, што сумна больш за ўсё, на думку ЦВК, быць не павінна.
Прадстаўнікі палітычных партый, іншых рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў, назіральнікі ад якіх акрэдытаваныя пры Цэнтральнай камісіі, маюць права прысутнічаць на пасяджэнні органаў, якія ўтвараюць выбарчую камісію. У адрозненне ад тэрытарыяльных выбарчых камісій абласцей, г. Мінска, раёнаў, гарадоў абласнога падпарадкавання, якія ўтвараюцца на сумесным пасяджэнні прэзідыумаў адпаведных Саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў, гарадскія (у гарадах раённага падпарадкавання), пасялковыя, сельскія тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі ўтвараюцца гарадскімі, пасялковымі, сельскімі выканаўчымі камітэтамі, г.зн. нават без удзелу органаў мясцовага самакіравання. Тым больш важным з'яўляецца ў сувязі з гэтым забеспячэнне магчымасці грамадскага кантролю за правядзеннем пасяджэнняў, а адсутнасцю агульнадаступнай інфармацыі пра месца і час правядзення пасяджэнняў органаў такія магчымасці купіруюцца.
Як паказала выбарачнае вывучэнне сайтаў раённых выканаўчых камітэтаў, нават гэтыя абмежаваныя абавязкі па інфармаванні аб працэсе фармавання сельскіх і пасялковых Саветаў дэпутатаў шматлікія раённыя выканкамы часта ігнаруюць.
Асабліва “паспяховыя” ў гэтым сайты выканкамаў Мінскай вобласці, дзе ў рубрыцы «Выбары 2018» раздзела для інфармавання аб стварэнні сельскіх Саветаў нават не прадугледжана.
Вядома, там няма і звестак аб месцы прыёму дакументаў прэтэндэнтаў у гарадскія (у гарадах раённага падпарадкавання), пасялковыя, сельскія тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Смалявіцкі выканкам пакінуў у таямніцы нават месца і графік прыёму дакументаў прэтэндэнтаў у раённую выбарчую камісію:
Лідскі, Бялыніцкі, Асіповіцкі райвыканкамы таксама не інфармуюць аб фармаванні сельскіх тэрытарыяльных выбарчых камісій.
Аршанскі выканкам, стварыўшы адпаведны раздзел у рубрыцы «Выбары 2018», пакінуў яго пустым.
Інфармацыя пра месца прыёму дакументаў прэтэндэнтаў у склад тэрытарыяльных камісій у Баранавіцкім раёне на сайце выканкаму ёсць, але пошук яе абцяжараны.
Такім чынам, Цэнтральнай камісіі варта пашырыць пералік абавязковых для публікацыі звестак у дадатку 3 да адпаведнай пастановы, а мясцовым выканаўчым органам больш адказна падыходзіць да выканання пастановы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 15 лістапада 2017 г. № 39 «Аб інфармаванні грамадзян аб працы па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання».