Вольга Калацкая. Фота: Сяржук Сыс Суд  Фрунзенскага раёна Мінска 23 сакавіка пачынае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да вядомай перакладчыцы і выкладчыцы ангельскай мовы Вольгі Калацкай. Яе вінавацяць у злосным хуліганстве (частка 1 і частка 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса), нібыта Вольга падчас адной з акцый пратэсту ўдарыла супрацоўніка СТВ Рыгора Азаронка.

Максімальны тэрмін пакарання па гэтым артыкуле – да шасці год пазбаўлення волі.

Справу разглядае суддзя Ала Скуратовіч.

Калацкая была затрыманая 15 студзеня 2021 года падчас заняткаў па ангельскай мове. 

Вольга Калацкая вядомая тым, што ў свой час пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Ўільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, "Гладыятар”, “Шрэк”, “Сямейку Смітаў” ды іншыя.

З патрабаваннем неадкладна вызваліць Вольгу выступіў Амерыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.

Да затрымання Вольга Калацкая жыла ў Мінску з 89-гадовай маці, якой патрабуецца дагляд. Цяпер дапамагаць маці адгукнуліся сябры і вучні Вольгі.

Пачатак судовага пасяджэння прызначаны на 10-30.

Крыніца: У Мінску пачынаецца суд над перакладчыцай Калацкай, за якую заступіўся Амерыканскі ПЭН