Сумеснае паседжанне Гомельскіх гарсавета дэпутатаў і гарвыканкама па пытанні стварэння гарадской выбарчай камісіі адбылося 22 лістапада. З 18 прапанаваных для разгляду кандыдатур у склад камісіі былі абраныя 13 сябраў.
Наш назіральнік Леанід Судаленка адзначае, што пры персанальным абмеркаванні ўзніклі заўвагі па кандыдатуры прадстаўніка Партыі левых “Справядлівы Свет” Валерыя Клімава, якія тычыліся парушэння парадку падачы пратакола аб вылучэнні, і як вынік: “за” – 2, “супраць” – 11. Не прайшоў у склад камісіі і вылучэнец Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Няпомняшчых. Супраць ягонай кандыдатуры прагаласавала 9 чалавек.
“Гарадскі выбаркам ў Гомелі "выбралі" з самых – самых. Аддзяленне Фонда міру прадставіць у камісіі Уладзімір Восараў, БРСМ – Кацярына Макарэвіч, Партыю працы і справядлівасці – Алена Маставенка, сацыял-дэмакратаў – Рыгор Туравец і ад аддзялення Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі была абраная Маргарыта Хадзічэнка”, -- агучыў вынікі пасяджэння Леанід Судаленка.
Па словах чыноўніцы, якая прадстаўляла абраныя кандыдатуры, усе яны маюць аўтарытэт і адпаведны вопыт, а калі ён і невялікі, дык - вельмі актыўныя ў жыцці.
"Праваабаронцы за свакбодныя выбары"
Крыніца: Гомель: у склад выбаркама не прайшлі прадстаўнікі АГП і “Справядлівага свету”