У Віцебску 22 лістапада на сумесным пасяджэнні гарвыканкама і гарсавета дэпутатаў была ўтворана Віцебская гарадская выбарчая камісія. Пра хаду і вынікі пасяджэння распавёў наш назіральнік Леанід Свецік, які прысутнічаў там.
На сяброўства ў гарадской камісіі прэтэндавалі 17 чалавек.
Але падчас пасяджэння было ўстаноўлена, што два прэтэндэнты падрыхтавалі пакеты дакументаў з парушэннем патрабавання выбарчага заканадаўства: подпісы грамадзян у падпісных лістах былі сабраныя раней за дату публікацыі ўказу прэзідэнта аб прызначэнні выбараў. З гэтай прычыны абодва выпалі са спісу на ўключэнне ў камісію.
Кандыдатуры астатніх 15-ці разглядаліся з пункту гледжання гатоўнасці выконваць грамадскія абавязкі сябраў выбарчай камісіі. А менавіта: былі зачытаныя іх кароткія біяграфічныя звесткі, прафесійныя дасягненні і асабістыя якасці, па якіх чыноўнікі ад выканаўчай і заканадаўчай улады ацэньвалі здольнасць кандыдатаў эфектыўна сфармаваць дэпутацкі корпус Віцебска.
Як адзначае Леанід Свецік, усё прайшло без сенсацый. У камісію ўвайшлі 13 чалавек, якія з'яўляюцца найперш чыноўнікамі і дзяржслужачымі, работнікамі дзяржаўных устаноў і арганізацый. Каб выканаць фармальнае патрабаванне Выбарчага кодэкса, яны былі вылучаны ад групаў грамадзянаў, партый, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый.
Сярод уключаных у камісіі - прадстаўнікі такіх прадзяржаўных грамадскіх арганізацый, як Беларускі Рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў і Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Сярод сябраў камісіі таксама ёсць прадстаўніца Беларускай партыі працы і справядлівасці.
У той жа час прадстаўнікі гарадской улады адкрытым галасаваннем не ўключылі ў камісію вылучэнцаў ад Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» Паўла Левінава і ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Анатоля Родзіка.
У якасці адметнай асаблівасці фармавання гарадской камісіі ў параўнанні з папярэдняй выбарчай кампаніяй назіральнік называе пасіўнасць партый і рухаў дэмакратычнага блоку: сваіх прадстаўнікоў у камісію не вылучалі ПБНФ, АГП, БСДП, КХП БНФ, грамадскія аб'яднанні «Гавары праўду», Рух «За Свабоду».
Як паведаміў назіральнік, 23 лістапада ў будынку Віцебскага гарвыканкама адбудзецца арганізацыйнае пасяджэнне гарадской выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў 28-га склікання. Адкрываць і весці яго да абрання кіраўніцтва камісіі даручана Пятру Падгурскаму, намесніку старшыні гарвыканкама.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Крыніца: Віцебск: Фармаванне гарадской выбарчай камісіі прайшло «без сенсацый»