Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з Жодзіна Аляксей Лапіцкі сутыкнуўся з неапраўданым абмежаваннем права наведвальнікаў дзяржустаноў па выбарчых пытаннях. Сутнасць інцыдэнту палягае ў тым, што ў будынку Жодзінскага гарвыканкама адміністрацыяй быў уведзены адмысловы рэжым наведвання дзяржустановы для “некаторых наведвальнікаў”. Па інфармацыі назіральніка, гэта праявілася ў абмежаванні міліцэйскай аховай на прахадной права свабодна перамяшчацца па будынку выканкама і камунікаваць з адказнымі чыноўнікамі па выбарчых пытаннях.
Па інфармацыі сайта licviny.info 21 лістапада прадстаўніку БХК Аляксею Лапіцкаму не дазволілі прайсці ў левую частку будынка выканкаму, дзе ён разлічваў убачыць начальніцу арганізацыйна-кадравага аддзела Тацяну Краўцэвіч для высвятлення арганізацыйных пытанняў адносна паседжання па ўтварэнні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі горада Жодзіна.
Дзяжурны супрацоўнік міліцыі, спачатку без праблем прапусціў назіральніка праз прахадную для сутрэчы з Тацянай Краўцэвіч, якая ўзначальвае працу па падрыхтоўцы адпаведнага паседжання.
Аднак, ужо праз 2-3 хвіліны, калі Лапіцкі не знайшоў чыноўніцу ў кабінеце і паспрабаваў прайсці па калідоры, каб адшукаць яе, і скіроўваўся ў іншае месца, той жа міліцыянт затрымаў яго на ўваходзе ў крыло будынку, дзе месціцца кіраўніцтва выканкаму, гарадской рады, БРСМ ды іншыя гарадзкія службы. У той час іншыя грамадзяне праходзілі ў забароненую для назіральніка частку будынка без аніякіх праблем.
У выніку дыскусіі міліцыянт пагадзіўся толькі на тэлефонную размову наведвальніка з чыноўніцай гарвыканкаму - ён дазволіў размаўляць з ёй з прахадной па службовым тэлефоне ў ягонай прысутнасці.
Падчас тэлефоннай размовы Т. Краўцэвіч удакладніла інфармацыю пра паседжанне і падцвердзіла намер арганізацыйнага аддзелу Жодзінскага выканкаму сваечасова праінфармаваць грамадзкасць і назіральніка асабіста пра час і месца правядзення мерапрыемства.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Крыніца: Назіральнік з Жодзіна сутыкнуўся з абмежаваннем кантактаваць з чыноўнікамі