Колькась пакараных за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі «Маршы абураных беларусаў 2.0», якая адбылася 21 кастрычніка ў Мінску, працягвае расці. Так, роўна праз месяц, суд Першамайскага раёна сталіцы разгледзеў адміністратыўную справу 70-гадовай актывісткі Ніны Багінскай. Суддзя Таццяна Ліннік 21 лістапада вынесла пастанову ад прыцягненні актывісткі да адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічынь за парушэнне артыкула 23.34 КаАП РБ. Ніна Багінская на судзе не прысутнічала.
Таксама ўчора на 20 базавых велічынь была пакараная актывіста АГП з Акцябрскага Алена Луцковіч Пратакол правапарушэння па арт. 23.34 КаАП быў складзены 9 лістапада ўчастковым інспектарам Акцябрскага РАУС Дзмітрыем Крумгольцам. 21 кастрычніка Луцковіч выйшла на Марш абураных беларусаў 2.0 з плакатам «Беларуская армія – серыйны забойца».
28 лістапада суд Савецкага раёна Мінска пачне разгляд адміністратыўнай справы ў дачыненні да актывіста Беларускага нацыянальнага кангрэсу Арцёма Бабка таксама ў за ўдзел у акцыі 21 кастрычніка. Пачатак судовага паседжання ў 10-15.
На 23 лістапада ў судзе Мазырскага раёна прызначаны разгляд адміністратыўнай справы мясцовага жыхара Уладзіміра Неўмяржыцкага, які да гэтага часу нават не меў магчымасці азнаёміцца з пратаколам правапарушэння.
За месяц, які прайшоў з моманту правядзення “Марша абураных беларусаў-2.0” суды пакаралі арыштамі альбо штрафамі больш за 20 удзельнікаў акцыі пратэсту 21 кастрычніка з розных гарадоў Беларусі.
Крыніца: Ніна Багінская папоўніла спіс пакараных за ўдзел у акцыі пратэсту 21 кастрычніка