Мінскі гарадскі суд 5 сакавіка разглядзеў пяць апеляцыйных скаргаў на прысуды па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (злоснае хуліганства) за нанясенне надпісаў "Не забудзем!" на Пушкінскай каля народнага мемарыяла, прысвечанага забітаму пратэстоўцу Аляксандру Тарайкоўскаму. Суд Фрунзенскага раёна ў снежні асудзіў палітзняволеных Дзяніса Граханава і Ігара Самусенку да 1,5 года "хіміі", Марыю Бабовіч да 1,5 года "хатняй хіміі", а Уладзіслава Гуліса і Максіма Паўлюшчыка — да 2 гадоў калоніі. Такія прысуды вынеслі суддзі Юлія Крэпская і Юлія Блізнюк, дзяржабвінавачванне па гэтых справах падтрымлівала сумнавядомая пракурорка Аліна Касьянчык. Усе асуджаныя не пагадзіліся з такімі прысудамі і абскардзілі іх. Апеляцыйныя скаргі фігурантаў справы за надпіс "Не забудзем" разглядалі судовыя калегіі Мінгарсуда пад старшынствам суддзяў Таццяны Фалькоўскай і Валянціны Зенькевіч. Яны пакінулі ўсе пяць апеляцыйных скаргаў без задавальнення, а прысуды —  у сіле. Гэта значыць, што цягам некалькіх тыдняў Дзяніс Граханаў і Ігар Самусенка будуць накіраваныя ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу адбываць "хімію" тэрмінам на 1,5 гады — тады яны зноў будуць прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Бліжэйшым часам крымінальна-выканаўчая інспекцыя прызначыць умовы адбывання "хатняй хіміі" на 18 месяцаў для Марыі Бабовіч, а палітзняволеныя Уладзіслаў Гуліс і Максім Паўлюшчык будуць этапаваныя са следчых ізалятараў у калоніі адбываць пакаранне тэрмінам на 2 гады.

У цэнтры — палітвязень Дзяніс Граханаў, злева — Ігар Самусенка, справа — Уладзіслаў Гуліс. Фота: spring96.org
У цэнтры — Дзяніс Граханаў, злева — Ігар Самусенка, справа — Уладзіслаў Гуліс. Фота: spring96.org

Першы прысуд за надпіс "Не забудзем" на Пушкінскай: 2 гады калоніі і 18 месяцаў "хатняй хіміі"

Суддзя Юлія Блізнюк асудзіла па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі палітычных зняволеных Максіма Паўлюшчыка да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а Марыю Бабовіч – да 18 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія").

За другі надпіс "Не забудзем!" на Пушкінскай мінчукоў асудзілі да "хіміі" і калоніі строгага рэжыму

Суддзя Юлія Крэпская асудзіла па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса палітвязняў Дзяніса Граханава і Ігара Самусенку да 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хіміі"), а Уладзіслава Гуліса — да 2 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Палітвязень Дзяніс Граханаў: Гэта быў паказальны працэс, каб запалохаць іншых людзей

"Вясна" сустрэлася з ім і распытала, як ён правёў паўтара месяца пад вартай і што думае пра крымінальную справу супраць яго.

Крыніца: Пяці фігурантам справы за надпіс "Не забудзем" пакінулі прысуды ў сіле. Яны паедуць на "хімію" і ў калонію